Тамаш Грыб – апазіцыянер, модны філосаф і дваяжэнец, які марыў пра незалежную сялянскую Беларусь


Прадстаўнік Рады БНР, эсэр, модны беларускі філосаф 20-х гадоў, атэіст і… дваяжэнец. Гісторык Наталля Гардзіенка раскрывае постаць эсэра Тамаша Грыба.

Пабачыла свет кніга, прысвечаная творчасці аднаго з самых яскравых постацяў беларускага нацыянальнага руху ў міжваенным перыядзе. Першая прэзентацыя кнігі «Тамаш Грыб. Выбранае» адбылася ў Горадні, дзе герой кнігі ў свой час сядзеў у турме.

Сціплыя вікіпедыйныя радкі з вялікай цяжкасцю раскрываюць талент і сілу думкі чалавека, працы якога на дзіва вельмі актуальныя і па сённяшні дзень. Аднак, дзякуючы Наталлі Гардзіенцы і іншым укладальнікам кнігі, кожны ахвотны можа азнаёміцца з творчай спадчынай самага вядомага беларускага сацыял-рэвалюцыянера.

Самы вядомы беларускі эсэр і адзін з першых беларускіх«апазіцыянераў»

Прэзентацыя кнігі “Тамаш Грыб. Выбранае”. Горадня 17 жніўня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Тамаш Грыб быў адным з утваральнікаў і кіраўніком партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У сацыялістычным руху міжваеннага перыяду ён быў заўважнай фігурай. Шмат выступаў на замежных сходах, да прыкладу ў Вене і ў Берліне, дзе адначасова прэзентаваў Беларусь на міжнароднай арэне. Акрамя таго, як прадстаўнік эсэраў, ён уваходзіў у Раду БНР, што давала яму магчымасць да гучных ідэйных спрэчак.

«Ён быў сапраўдным апазіцыянерам у Радзе. Апазіцыянерам па складзе характару. Гэта была свайго роду ягоная крытычная місія ў нацыянальным руху, таксама важная і вартая вывучэння. Стала спрачаўся з Ластоўскім і Янкам Станкевічам. Ён любіў вельмі доўга і працягла выступаць. З успамінаў сучаснікаў вынікае, што перад яго выступам прадстаўнікі Рады з цяжкасцю ўздыхалі, што «гэта надоўга», – узгадвае гісторык.

Трэці шлях для Беларусі: без палякаў і бальшавікоў

З лістоў і тэкстаў Тамаша вынікае, што ён вельмі негатыўна ставіўся да спробаў беларускіх палітыкаў з кола Рады БНР супрацоўнічаць з польскімі ўладамі. Такое ж самае стаўленне ён меў да супрацы з бальшавікамі.

Укладальніца кнігі, гісторык Наталля Гардзіенка. Горадня 17 жніўня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

«Ён бачыў, што польская ўлада, якая прыходзіць на Беларусь не збіраецца спрыяць нейкаму нацыянальнаму развіццю беларусаў, а наадварот, хоча бачыць іх як частку польскай нацыі і як неадемную частку польскай дзяржавы. Гэта яго абурала. Ён казаў, што за тымі прыгожымі словамі таго ж самага Пілсудскага -«як роўны з роўным» і гэтак далей, хаваецца жаданне апалячыць беларусаў, падпарадкаваць іх сабе і не даць магчымасці самастойнага развіцця. Пры гэтым ён бачыў, што бальшавікі, таксама беларусам спрыяць не будуць», – кажа спадарыня Наталля.

Беларусь Тамаша Грыба – была сялянскай Беларуссю, дзе акцэнт ставіўся на развіццё народнай культуры. Ён казаў, што бальшавікі недаацэньваюць сялянства, што яны робяць стаўку на працоўны клас, якога ў Беларусі рэальна няма. Акрамя таго ў сваіх лістах ён параўноўваў бальшавікоў з італьянскімі фашыстамі, казаў пра аднолькавасць і непрымальнасць іх ідэй, пры чым многія думкі Тамаша Грыба аказаліся прарочымі.

Модны філосаф 20-х гадоў

Прэзентацыя кнігі “Тамаш Грыб. Выбранае”. Горадня 17 жніўня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Пасля шматлікіх затрыманняў і пераследу з боку польскіх уладаў, Тамаш Грыб эмігруе ў Чэхію і распачынае вучобу ў Карлавым універсітэце на факультэце філасофіі. Малады студэнт піша дыпломную працу «Феномен нацыі», якая стала роздумам над пытаннямі нацыянальнага ўтварэння і фармавання нацыянальнай ідэі. Іншы моцны тэкст «Што такое нацыянал-дэмакратызм», быў спробаю асэнсаваць, чым так пужаюць народ у савецкай частцы Беларусі. Як лічыць гісторык, гэтыя працы застаюцца надзвычай актуальнымі і сёння, амаль праз 100 гадоў.

«Як і ў 20-х гадах, перад беларускімі інтэлектуаламі стаіць своеасаблівая задача выпрацоўкі нацыянальнай ідэі. Тое, што казалі пра магчымасці апоры беларусаў на Захад або на Усход, арыентацыю на заходнюю ці ўсходнюю культуру, гэта асэнсоўвалася ў той час і гэта адбываецца сёння», – тлумачыць спадарыня Наталля.

Дзве грамадзянскія жонкі

Палута Бадунова

Як распавядае спадарыня Наталля, асобны раздзел у кнізе, прысвечаны ўспамінам людзей, якія ведалі Грыба. Сярод іх выдзяляюцца тэксты Паўліны Мядзёлкі, беларускай артысткі, дзе яна апісвае знаёмства з Тамашам, як яна выцягвала яго з адной турмы, а потым з другой. Пры чым у гэтым жа раздзеле можна знайсці ліст іншай жанчыны, якая таксама лічыла сябе жонкай Тамаша Грыба. Гэта была Палута Бадунова, паплечніца нашага героя, якая таксама была адной з самых яскравых палітыкаў у партыі эсэраў.

Паўліна Мядзёлка

«Паўліна Мядзёлка ў сваіх успамінах апісвае цікавы эпізод: калі Тамаш Грыб сядзеў у турме, яго арыштавалі ў Горадні, перавезлі ў Вільню. Яна прыйшла да следчага прасіць, каб пусцілі да яго і прадставілася ягонай нявестай. Ёй дазволілі спатканне з Грыбам. Праз некалькі дзён прыйшла Палута Бадунова, якая таксама прадставілася нявестай Тамаша Грыба і следчы кажа: колькі ж у яго нявест? І Палуце Бадуновай не дазволіў спатканне, якая з’ехала фактычна ні з чым. У выніку чаго, Палута зрабіла вялікі скандал Мядзёлцы. Але тым не менш праз гады яна ўсё роўна падпісвалася Палутай Бадуновай-Грыб. Хоць сведчанняў, што яна сапраўды была жонкай Тамаша Грыба акрамя яе прызнанняў ніякіх няма», – распавядае Наталля Гардзіенка.

«Ён ставіў Беларусь на мапу Еўропы»

Прэзентацыя кнігі “Тамаш Грыб. Выбранае”. Горадня 17 жніўня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Тамаш Грыб так і не вярнуўся ў Савецкую Беларусь з Прагі. Менавіта там пасля цяжкай хваробы ў 1938-м годзе скончылася яго жыццё.

«Чаму варта пра яго памятаць? Ён быў адным з самых яскравых ідэолагаў беларускага нацыянальнага руху, заснавальнікам беларускага нацыянальнага студэнцкага руху ў міжваеннай Празе. Папулярызацыя беларускай ідэі ў замежжы – шмат у чым заслуга Тамаша Грыба. Ён пісаў, асэнсоўваў, папулярызаваў беларускае пытанне, беларускую ідэю ў палітычных колах на захадзе, у асяроддзі сацыялістычных партый. Ён ставіў Беларусь на мапу Еўропы. Выдаваў перыёдыкі, ствараў партыі, студэнцкія арганізацыі. І яго публікацыі заслугоўваюць асаблівай увагі», – дадае гісторык.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў