Там, дзе Беларусь стала незалежнай. Беларускі парламент праз 25 гадоў


Карэспандэнту  «Белсату» ўдалося трапіць у парламент. Ці разгул паказнога лібералізму азначае, што ўрэшце можна паглядзець, як не шкадуючы сябе, аддаюцца законатворчай працы дэпутаты?

Беларускі парламент. Чым ён ёсць для сучасных беларусаў? Сімвал якой-ніякой улады ў краіне? Будынак у цэнтры Менску ды архітэктурная каштоўнасць? Для мяне ж гэта месца, дзе раней вырашаўся лёс краіны. Мне давялося пабываць у гэтым будынку ўсяго нейкіх дзве гадзіны, але нават за гэты час склалася ўражанне – парламент ужо «ня торт».

Для тых, у каго няма пастаяннага права на ўваход у будынак парламенту, усё пачынаецца з бюро прапускаў, якое знаходзіцца ў суседнім будынку. На дзіва ўся працэдура заняла літаральна дзве хвіліны. Пасля зверкі пашпарту і спісаў запрошаных у парламент, пропуск быў дасланы на прахадную і мне заставалася толькі перайсці з будынку ў будынак.

Звычайным смяротным падыходзіць да парламенту блізка нельга, ахова адразу рэагуе на нязваных гасцей. Максімум, што можна сабе дазволіць, – пастаяць пад Леніным, які выконвае своеасаблівую ролю памежніка: абараняе мяжу, якую пераходзіць забаронена.

Калі заходзіш за Леніна, адчуваеш усю магутнасць будынку: ён літаральна давіць на цябе, больш там нікога няма – стэрыльны пляц, і ты стаіш, як мурашка пасярод пустэльні.

Знутры будынак такі ж манументальны як і звонку: вакол мармур і высачэзныя столі. Прахадная аздоблена залатымі літарамі, якія сведчаць пра тое, што ты прыйшоў у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Але самае важнае на прахадной – гэта ахоўнік, прынамсі па яго выглядзе падаецца, што менавіта так ён і думае. Ён – галоўны ключнік з лейтэнанцкімі пагонамі, ён – страж брам парламенту, ён – вяршыцель лёсаў і толькі ён вырашае, ці пройдзеш ты ў святая святых. Мой пропуск ужо быў яму дасланы, таму пасля праверкі, якая нагадвае па працэдуры праверку ў аэрапорце, мне ўсё ж атрымалася трапіць у парламенцкія пакоі.

Той, у каго няма пастаяннай акрэдытацыі ў парламенце, не можа ўваходзіць у Авальную залю, таму прэс-служба ветліва прапануе такім журналістам працаваць у прэс-цэнтры ці ў холе перад залай паседжанняў.

Праблема адна – журналіст ніяк не можа бачыць, як працуюць дэпутаты: арганізавана толькі аўдыётрансляцыя. Дагэтуль зала не абсталяваная відэакамерамі. Наўпроставыя трансляцыі выконваюцца камандай Белтэлерадыёкампаніі і вядуцца толькі тады, калі ў парламент завітвае кіраўнік краіны.

Кажуць, што праект перабудовы ёсць, але пакуль не тая фінансавая сітуацыя, каб яго рэалізаваць. Таму журналістам даводзіцца «слухаць галасы зверху». Узгадваючы 90-я гады, падаецца, што трансляцыі паседжанняў былі б цікавыя звычайным грамадзянам, але, як мне сказалі: «Ну, гэта ж не ХІІ скліканне… У нас дэпутаты больш сціплыя».

Адлік да пачатку паседжання пачынаецца, як у тэатры – званкамі. Нейкі ў гэтым ёсць сімвалізм. Званкі, вялікі хол, сапраўды як у тэатры, і дэпутаты, якія ідуць на свае працоўныя месцы, функцыя гледача, а для некаторых – слухача, кладзецца на журналістаў. Месцы занятыя, старшыня Палаты прадстаўнікоў абвяшчае паседжанне адкрытым, дзеянне пачалося!

Пакуль дэпутаты вырашаюць шараговыя пытанні, я намагаюся агледзець хол як мага падрабязней. Пад нагамі – стары, але дагэтуль добры паркет, па якому хадзілі легендарныя дэпутаты ХІІ склікання. Менавіта па гэтым паркеце ў 1995 годзе людзі ў масках беглі разганяць дэпутацкі страйк перад рэферэндумам.

Стаю і ўзгадваю, як дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Валянцін Голубеў распавядаў, што за зачыненымі дзвярыма Алег Трусаў пачуў грукат ботаў і ляскат зброі і крыкнуў: «Хлопцы, рыхтуйцеся!» Тады дэпутаты селі і схапіліся за крэслы, каб іх цяжэй было выцягнуць з залі. Не дапамагло.

Мае ўспаміны перарваліся фартэпіяннай п’есаю Бетховена «Für Elise» з калонак. Пад гэтую мелодыю праходзіць дэпутацкае галасаванне. Ізноў тэатральны элемент, значыцца, мне не падалося. Звяртаю ўвагу на вынікі галасавання – амаль аднагалосна.

Працягваю аглядацца. Па абодвух баках холу стаяць шафы, дзе за шклом выстаўлены савецкія чырвоныя знамёны. Побач – ганаровыя граматы за «Достижение наивысших результатов во Всесоюзном социалистическом соревновании за успешное проведение зимовки скота, увеличение производства и закупок продуктов животноводства в зимний период 1984/85 года».

Напэўна, гэтыя знамёны і граматы стаяць, каб натхняць дэпутатаў на яшчэ большыя дасягненні.

Зноў мае думкі перарывае «Für Elise». Слухаю вынікі галасавання па чарговаму пытанню – ізноў жа амаль аднагалосна. Як мне падаецца, я не маю экстрасэнсорных здольнасцяў, але хаду наступных галасаванняў ужо бачу. Таму працягваю аглядаць хол.

Каля ўваходаў у Авальную залю вісяць мармуровыя шыльды ў памяць пра дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларускай ССР, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Амаль праз 50 гадоў пасля вайны менавіта ў гэтым будынку і ў гэтай залі было вырашана, што больш Беларусь не будзе ўваходзіць у склад Савецкага Саюза. 27 ліпеня 1990 году дэпутаты ўхвалілі Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, а 25 жніўня 1991 году дэпутаты ўсё таго ж ХІІ склікання надалі ёй канстытуцыйны статус. На гэтым месцы пачалася гісторыя незалежнасці нашай краіны.

Менавіта ў Авальнай залі пад бел-чырвона-белым сцягам і на беларускай мове прымаў першую прысягу цяперашні кіраўнік дзяржавы. Дарэчы, за ўвесь час майго знаходжання ў парламенце па-беларуску падчас паседжання выступіў толькі адзін дэпутат.

Ізноў я чую «Für Elise». Ізноў абсалютнай бальшынёй галасоў пытанне вырашана. Усё ж такі схаджу на кастынг «Бітвы экстрасэнсаў». Можа гэта знак? Абвяшчаецца перапынак, і дэпутаты выходзяць з залі. Нарэшце я маю магчымасць хоць адным вокам праз прыадчыненыя дзверы глянуць на Авальную залю.

Жырандоля ў выглядзе зоркі, паўсюль дывановае пакрыццё, чырвоныя крэслы, пасярод сцяны вісіць велізарны герб, які з’явіўся тут пасля рэферэндуму 1995 году.

Гучаць званкі, якія клічуць дэпутатаў працягнуць працу. Я выходжу з парламенту і разумею, што магчыма больш ніколі туды не траплю, таму намагаюся запомніць усе свае адчуванні. Праходжу побач з Цэнтрвыбаркамам і ўзгадваю словы яго старшыні Лідзіі Ярмошынай, што выбары ў парламент каштуюць каля 10 мільёнаў долараў.

У Нацыянальны сход абіраецца 110 дэпутатаў, значыць, кожны дэпутат каштаваў грамадзянам каля 90 тысячаў долараў. «Эх, дарагія мае саацечэственнікі!» – пранеслася думка ў галаве. У той дзень па ўсіх пытаннях дэпутаты прагаласавалі амаль аднагалосна. Але ж які згуртаваны калектыў атрымаўся за 10 мільёнаў долараў!

ЗМ, belsat.eu

Стужка навінаў