Tallinn Music Week прыме беларусаў


На прэстыжным эстонскім фэсце напрыканцы сакавіка выступіць аж пяць беларускіх музыкаў. Акрамя эстонскіх артыстаў, у Таліне з’явяцца 84 выступоўцы з 25 краінаў. Сярод замежнікаў найбольш фінаў – 12 артыстаў. Данія, Латвія і Расея атрымалі па 9 месцаў.

Праграма фестывалю ахоплівае цэлы шэраг стыляў, таму і Беларусь прэзентуюць абсалютна розныя выканаўцы: рокеры Super Besse і Trubetskoy, электроншчыкі Alexei De Bronche і Deech, а таксама фольк-гурт Altanka. Партнёрам мерапрыемства ў Беларусі стаў сайт Experty.by.

«Мы ўдзячныя беларускім артыстам за неверагодную актыўнасць, – адзначае кіраўніца фестывалю Хелен Сілдна, – Заявы ад іх разглядалі куратары сцэнаў, і паверце, ім было надта складана зрабіць свой выбар. Мы раім музыкам прыехаць на фэст у якасці гледачоў ці дэлегатаў, паглядзець на яго ўласнымі вачыма. Магчыма, гэта дапаможа вам пераадолець адбор налета».

Tallinn Music Week – гэта фэст не толькі для маладых зорак, але і ўжо вядомых выканаўцаў. На сцэне сёлета выступяць All We Are (Вялікая Брытанія), Moonlight Breakfast (Аўстрыя), Jennie Abrahamson (Швецыя), Alina Orlova (Літва), Nina Karlsson і On-The Go (Расея), Carnival Youth (Латвія).

Буйнейшыя брытанскія выданні Guardian і The Observer улучылі Tallinn Music Week 2015 у топ-5 найлепшых “зімовых” фестываляў. З 25 па 28 сакавіка канцэртная праграма будзе ладзіцца на 30 сцэнах, большасць з іх месціцца ў старым горадзе. Наведнікаў чакаюць і зніжкі ў рэстаранах ад TMW Tastes, мастацкія выставы TMW Arts, а таксама піўны фэст Tallinn Craft Beer Weekend. Да 15 сакавіка адзіны квіток на ўсе выступы і пляцоўкі Tallinn Music Week можна набыць за 790 тыс. руб. Распаўсюджваюць квіткі Bileti.by.

Адмысловая канферэнцыя ў межах Tallinn Music Week збярэ прадстаўнікоў фестываляў, лэйблаў, прамоўтэраў, менеджараў і музычных журналістаў з усяго свету.

НЯ, belsat.eu

Стужка навінаў