Таленты кіраўнікоў постсавецкіх краінаў

video

Хто на свеце наймацнейшы? Хто не ведае страху? Хто паўсюль заменіць, каго хочаш перамагчы з аднаго размаху?

Зусім нядаўна прэзідэнт Туркменістану Гурбангулы Бердымухамедаў правёў паказальнае трэнаванне для міністраў у спартзале, прадэманстраваўшы насельніцтву свае спартовыя дасягненні. Жыхары сярэднеазіяцкай краіны яшчэ не паспелі ачомацца, як на дзяржаўным тэлебачанні на іх абрынулася чарговая дэманстрацыя сілы. Начальнік, або, як кажуць у Сярэдняй Азіі, «сердар» паказаў, як умее кідаць нажы і страляць з агнястрэльнай зброі.

«Пару тыдняў таму ён наагул знік, абвесціў, што ўрад сыходзіць на адпачынак, але звычайна паказвалі, як ён рыбу ловіць, на ровары ездзіць, але яго не было два тыдні, і ў народзе папаўзлі чуткі, ці жывы ён?», – распавёў праваабаронца з Туркменістану Фарыд Тухбатулін.

Жывы, здаровы, яшчэ і поўны творчай энергіі!

Гурбангулы Бердымухамедаў некалькі дзён таму прадставіў на суд публікі новую песню, якую сам напісаў і выканаў пры ўдзеле гурта, які складаецца з ягоных унукаў.

Дэманстрацыя талентаў уласцівая шмат якім кіраўнікам, схільным да аўтарытарызму ці дыктатуры, адзначаюць адмыслоўцы.

Прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў піша кнігі

Уладзімір Пуцін кіруе самалётам, займаецца дзюдо і часам таксама спявае і грае на музычных інструментах.

Імкнецца паспяваць за сваймі калегамі і кіраўнік Беларусі

Аляксандр Лукашэнка актыўна займаецца спортам, грае на баяне і асабіста вучыць чыноўнікаў правільна збіраць садавіну і гародніну.

«Было цікавае выказванне: маўляў, не трэба швэндацца па раёнах, робячы выгляд, што вы нечым кіруеце, а трэба сканцэнтравацца на сектарах эканомікі, якія адстаюць. Дык вось тое самае можна параіць і самому галаве дзяржавы – можа хопіць ужо лазіць па краіне, а заняцца тым, чым займаецца прэзідэнт?», – падкрэсліў філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Старая кітайская мудрасць гаворыць, што добры імператар – той, якога народ не чуе і не бачыць. На постсавецкай прасторы імператараў народ чуе і бачыць бесперапынна.

Усевалад Шлыкаў, Ігар Віняўскі, «Белсат», фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары