«Такога не было нават у Вярхоўным Савеце». У Віцебску пабіліся сацыял-дэмакраты


10 снежня ў Віцебску адбылося пасяджэнне абласнога камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Падчас сустрэчы абмяркоўвалася пытанне аб далучэнні абласной арганізацыі Грамады да Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Спрэчка скончылася бойкай, паведамляе грамадскае абʼяднанне «Свабодны рэгіён».

Устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэсу прайшоў сёлета 15 траўня ў скверы імя Янкі Купалы ў Менску.

Пытанне аб далучэнні да Кангрэсу выклікала негатыўную рэакцыю некаторых удзельнікаў паседжання сацыял-дэмакратаў. Старшыня партыі Ірына Вештард заявіла, што такой арганізацыі не ведае. Удзельнікі сустрэчы спачатку пачалі «крычаць (!?), пераходзячы пры гэтым на асобы».

«Далей усё змяшалася. Удзельнікі бойкі раздзяліліся на дзве групы. У адной кагосьці душылі, кагосьці білі па патыліцы, а ў другой – адзін з членаў абкаму паваліў іншага на падлогу і прыціскаў ягоныя ногі да ягонай галавы», – піша «Свабодны рэгіён».

Генеральны сакратар Грамады Мечыслаў Грыб, які прысутнічаў на мерапрыемстве заўважыў, што: «Такой ганьбы не было нават у Вярхоўным Савеце».

Пасля бойкі члены абкаму цягам двух-трох хвілін прынялі рашэння аб зацвярджэнні вынікаў жаночай канферэнцыі, якая прайшла напярэдадні, і аб прыняцці ў партыю новых членаў.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» (БСДПГ) – адна з трох сацыял-дэмакратычных партыяў з падобнай назвай. Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамадой кіруе Станіслаў Шушкевіч, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй «Народная Грамада» – Мікола Статкевіч.

Ірына Вештард была пераабраная кіраўніцаў БСДПГ сёлета ў сакавіку.

ЮВ, belsat.eu, паводле freeregion.info

Стужка навінаў