«Гэткая, як ёсць». Навошта спатрэбіўся праект з фота жанчын у станіках?


Кацярына Барушка, Дарʼя Сапранецкая і Алена Скарабагатава зладзілі сумесны праект #такаякакесть375, які мае давесці: прыгажосць разнастайная, яе нельга звесці да нейкага агульнага стандарту. У панядзелак былі апублікаваныя першыя 10 гісторый праекту.

Когда вокруг миллионы изображений того, как должна выглядеть женщина, тысячи идей, какой обязана быть грудь, и сотни…

Opublikowany przez Humans of Minsk Poniedziałek, 26 czerwca 2017

«Калі я пісала ў facebook наконт таго, што варта зладзіць фотасэт з дзеўчынамі з малым памерам станікаў, гэта быў больш жарт – ні часу, ні сілы на тое, каб распачаць нейкую працу ў мяне не было. Я была б рада, калі б маю ідэю проста ўзялі і па-свойму рэалізавалі. У мяне вельмі-вельмі шмат сяброў і сябровак фатографаў, але затэгала я Дашу – гэта цалкам яе фармат, хоць я і не ведала яе ўнутранага стаўлення да праблемы. Калі Даша ў каментах выказалася, што да ўсяго гатова – пачаліся пошукі», – распавядае Алена Скарабагатава пра тое, як распачынаўся праект.

Як адзначае Кацярына Барушка, ідэя праекту зʼявілася пасля скандальных выказванняў гендырэктара кампаніі-дыстрыбʼютара «Мілавіца» Яўгена Зуева. Топ-менеджар «Мілавіцы» заявіў пра прынцыповую важнасць мадэльных стандартаў: дзяўчыны з памерам А не могуць стаць тварам брэнду, бо гэта не прыгожа. Гэтыя выказванні выклікалі хвалю абурэння ў інтэрнэце.

«Надакучыла гэтае аднабаковае ўспрыманне беларусаў публічнымі персонамі. Людзі розныя, беларусы розныя – разумныя, добрыя, прыгожыя. І калі публічныя асобы агучваюць відавочнае глупства – гэта несправядліва», – кажа Кацярына Барушка.

Барушка лічыць, што#такаякакесть375 – гэта важны праект для жанчын:

«Я лічу, што ёсць сурʼёзная праблема – жанчыны кіруюцца ў сваім жыцці меркаваннямі іншых, грамадскім меркаваннем. Мы не думаем сваёй галавой. Гэта няправільна. Калі чытаеш гісторыі розных жанчын гэтае лепш разумееш. Я спадзяюся, што гэтыя гісторыі падштурхнуць беларускіх жанчын менш арыентавацца на меркаванне грамадства, а кіравацца ўласным розумам».

Праект #такаякакесть375 цалкам валантэрскі – усе рабілася ўласнымі сіламі.

«Мы прынцыпова адмовіліся працаваць з якой-небудзь рэдакцыяй, каб не ісці за бачаннем рэдактара. Мы проста выступілі дакументалістамі. Наш праект – кшталту свабоднага мікрафону. Калі дамаўляліся на здымкі, казалі: кожная з нас сама пагадзілася на ўдзел, кожная – са сваймі думкамі. Апроч фота, мы мусім выказаць гэтую думку, якая падштурхнула нас усіх узяць удзел. Менавіта таму тэксты дзяўчын атрымаліся такімі рознымі», – кажа Алена Скарабагатава.

Дарʼя Сапранецкая мяркуе, што для саміх удзельніц праекту гэта перш за ўсё тэрапія. «Гэта магчымасць данесці свае думкі, тое, аб чым мы думаем, але не маем магчымасці выказаць. Гэта магчымасць адказаць за сябе: я такая, якая ёсць! Мы хочам паказаць, што абʼектывацыя, усе гэтыя рэчы вельмі ўплываюць на нас і не ўсім добра жывецца ў гэты абʼектывізаваным свеце», – кажа яна.

«Праект мы зрабілі па большай частцы для сябе – прызнаецца Алена Скарабагатава, – Многія дзяўчыны казалі, што ўдзел у фотасессіі і інтэрвю для іх спрацаваў як моцная псіхатэрапія, крок да прыняцця сябе. Кожная дазволіла сабе быць шчырай настолькі, наколькі магла ў дадзены момант. Так, аўдыторыя праекту абмежаваная. Мы гатовыя да непаразумення і крытыкі. Так, гэта цікава жанчынам «у дыскурсе» і падобных праектаў шмат. Але для беларускага інтэрнэта, на маю думку, гэта своечасова. У праекце ўзялі ўдзел розныя дзяўчыны, нават з пункту гледжання фемінізму: тут і самаабектывацыя, і мізагінія, хтосьці адмаўляўся ўжываць фемінітывы ў дачыненні да сябе. Мая сяброўка назвала праект «бытавым фемінізмам». Чаго мы хацелі дасягнуць? Наша аўдыторыя, на маю думку – толькі жанчыны. З жаночай супольнасці павінны пачынацца змены ўспрыняцця жаночага цела такім, якое яно ёсць».

Учора былі апублікаваныя першыя 10 гісторый праекту, на чарзе яшчэ 9. Паводле Дарʼі Сапранецкай, для яе, як фатографу, вельмі важна разнастайнасць удзельніц – там мусяць быць жанчыны ўсіх узростаў. «Для нас прынцыпова, каб удзельніцы былі розныя – і дзяўчаты, і бабулі. Таму мы працягваем шукаць жанчын для праекту», – дадае Дарʼя.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў