«Так і выжываем!». У Гомлі на «Святлатэхніцы» зарабляць па 120 рублёў

video

Нізкімі заробкамі ды адсутнасцю працы ў Беларусі цяпер нікога не здзівіш. Чарговае таму сведчанне – гомельскі завод, рабочыя якога, нягледзячы на мізэрныя грошы ды тры рабочыя дні на тыдзень, не спяшаюцца звальняцца.

Унітарнае прадпрыемства «Святлатэхніка» – завод незвычайны. З 500 рабочых, якія тут працуюць, амаль 300 – інваліды зроку. Праца для іх не толькі заробак, але і магчымасць весці паўнавартаснае жыццё, адчуць запатрабаванасць у грамадстве. Але з працоўным графікам «Святлатэхнікі» нават гэтую патрэбу зрэалізаваць вельмі складана. Большасць людзей занятая толькі тры дні на тыдзень.

Нізкая загружанасць ды мізэрныя заробкі назіраліся на прадпрыемстве ў 2014 ды 2015, але, здаецца, і гэты год не будзе выключэннем.

«Заробак – Br 120-130 Так і выжываем», – скардзіцца супрацоўніцтва прадпрыемства.

Надзея памірае апошняя

«Святлатэхніка» з 90-х гадоў амаль не мяняла асартыменту. На мадэрнізацыю няма грошай. Расейскі рынак – асноўны імпарцёр гомельскіх свяцільнікаў, аддае цяпер перавагу святлодыёднай тэхніцы кітайскае вытворчасці. Попыт на іншыя тавары «Святлатэхнікі», як, напрыклад, пластыкавыя крэслы для стадыёнаў, меў кароткатэрміновы характар ды больш не дае належных прыбыткаў.

Юрыст прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці Леанід Судаленка кажа, што перавод на няпоўны працоўны тыдзень – істотная змена ўмоваў працы, але рабочыя ў гэтай сітуацыі маюць невялікі выбар: пагадзіцца ці не.

Але ёсць надзея. Дырэктар прадпрыемства спадзяецца на буйны кантракт – рэканструкцыю менскага стадыёну «Дынама», для якой «Святлатэхніка» гатовая паставіць некалькі дзясяткаў тысячаў пластыкавых крэслаў. Пытанне аб удзеле заводу ў праекце развязваецца цяпер на ўзроўні ўраду.

Надзея, як вядома, памірае апошняя. У «Святлатэхнікі» ўжо былі праекты, якія абяцалі выратаваць прадпрыемства. Напрыклад, кантракт з расейскім «Газдэвайсам» на вытворчасць ультрагукавых газавых лічыльнікаў, або дамова з італьянскімі кампаніямі «Fisa» ды «Lazerini» на крэслы для электравікоў ды метро, якія нічым не скончыліся.

Ігар Кулей, «Белсат».

Глядзі таксама
Каментары