«Так і бачу сябе, як нясу па калідоры вайсковага шпіталя ампутаваную нагу ці руку»


Belsat.eu працягвае серыю публікацый-успамінаў пра вайну. Падзеі тых часоў узгадвае Ірына Галубовіч, якая скончыла школу № 47 у Менску, калі пачалася вайна.

А 8 раніцы 1941 года ў нас былі прызначаны вучэнні па барацьбе з дэсантам. Прыйшлі ў школу, а там кажуць: «Вайна». У 12.00 мой брат прынёс аскепкі ад бомбы. Бомба трапіла ў бамбасховішча. Людзі беглі ў газасховішчы. Яны не разумелі, што там нельга схавацца. Іх трэба было адтуль выводзіць. Маставая была гарачая ад таго што гарэлі дамы. Можна было ісці толькі па сярэдзіне. Побач з нашым домам быў дом, дзе жылі сляпыя. Яны ўсе былі ў двары. Мой тата быў у камандзіроўцы пад Беластокам. А мама ў Юр’евічах. Мы з маёй сяброўкай і некалькімі аднакласнікамі пайшлі па Маскоўскай шашы ў Маскву. Ісці было страшна. Самалёт нямецкі праляцеў так нізка, што мы ўбачылі твар лётчыка.

Першыя параненыя

У Бярэзіно мы прыйшлі ў ваенкамат. Нас адтуль прагналі як маладых. Тады мы пайшлі ў шпіталь. Там усе да таго часу разбегліся і мяне з сяброўкай Лізай узялі дапамагаць. На машыне былі параненыя і я пачала чытаць кніжку пра Чапаева. Тады мне адзін мужчына сказаў: «Дачушка, гэта потым. Ты лепш дапамажы ў прыбіральню схадзіць». Глядзім, а ён паранены, кісцяў рук няма…

Даехалі да Магілёва. Там нас заградатрад спыніў і накіраваў на таварную сартавальную грузіць зерне. Увечары нам далі хлеба. Мы з Лізай ідзем і тут нам нейкі мужчына кажа: «Што вы ходзіце? Вунь колькі параненых у эшалоне. Ім патрэбна дапамога». Падышлі да прыгожай жанчыны, якая там усім кіравала, папрасіліся да яе. Яна кажа: «Цудоўна, я вас бяру». Лізу накіравала ў вагон да камандзірскага складу, а мяне – да радавых. Эшалон ішоў у Маскву. Масква была яшчэ «парадная». Наш эшалон быў бадай першым, які прыйшоў туды з параненымі.

Потым нас накіравалі ў Мурам. Там стварылі вайсковы шпіталь. Так і бачу сябе, як нясу па калідоры ў тазе ампутаваную нагу ці руку… Потым былі іншыя шпіталі.

Я была побач, калі вызвалілі Менск

Калі вызвалялі Менск, я была побач на лініі фронту. З Чэрвеня прыйшла ў свой горад. Усе мае родныя аказаліся жывыя. Была так рада, што пабачыла сваіх! А потым далей на Захад. Дайшлі да Кёнігсбергу. Там было такое, калі ў медсанчастку трапляла па 350 параненых за суткі… Дэмабілізавалі мяне ў 1945 годзе. Я цяпер разумею, што самая арганізаваная была ў тыя часы медычная служба. Недзе паніка, блытаніна, нестыкоўкі, а медычная служба працавала як гадзіннік. Калі б не гэта, то ўсё было б значна горш…

Як нашы высялялі японцаў. Вайна вачыма дзяцей

Любоў Лунёва, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары