Так хацеў купацца, што скраў дзве машыны


Раніцай 16 ліпеня двое жыхароў Салігорску звярнуліся ў міліцыю, бо не знайшлі сваіх аўтамабіляў.

У выніку следчых мерапрыемстваў былі затрыманыя двое хлопцаў 1996 году нараджэння. Як патлумачыў адзін з іх, яму хацелася паехаць купацца, вось ён і вырашыў паехаць на машыне, што праўда не на сваёй. Хлопец заўважыў у двары прыпаркаваны аўтамабіль, ключамі ад кватэры ўскрыў яго, рухавік заводзіў як у кіно – спалучыў драты.

Відаць самому ехаць за горад купацца затрыманаму было сумна, вось ён і заехаў за сваім сябрам. Але ж па дарозе штосьці пайшло не так і машына з’ехала ў кювет. Вось толькі гэта іх не спыніла. Хлопцы заўважылі яшчэ адну машыну, скралі яе і паехалі на возера.

У гэты ж час адзін з пацярпелых заўважыў сваю машыну і пачаў пераследаваць. Яму на дапамогу прыйшлі міліцыянты, якія і затрымалі зламыснікаў.

«Аднаму з затрыманых высунутае абвінавачванне, да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Другі знаходзіцца ў статусе падазраванага», – кажуць у Следчым камітэце.

Канчатковую кваліфікацыю следчыя дадуць пасля правядзення ўсіх праверак і экспертызаў

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў