Так хацела за стырно, што падрабіла дакументы


У студзені гэтага году жыхарку Віцебску пазбавілі правоў кіроўцы тэрмінам на 3 гады за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення. Але перасесці з машыны на грамадскі транспарт яна не захацела.

Скарыстаўшыся медычнымі дакументамі, вадзіцельскім пасведчаннем і талонам да яго на імя сваёй сястры, жанчына вырашыла атрымаць новае пасведчанне кіроўцы, у якім будзе яе фатаграфія, але чужыя анкетныя дадзеныя. Жанчына разлічвала на тое, што сястра, не заўважыць адсутнасці сваіх дакументаў, бо ў яе няма аўтамабіля.

У сакавіку абвінавачаная прайшла медычную камісію і атрымала даведку, дзе былі дадзеныя яе сястры, але ўжо свой фотаздымак.

З падробленымі дакументамі на сваім аўтамабілі жанчына паехала ў ДАІ, каб замяніць пасведчанне кіроўцы. У той момант, яна не думала пра тое, што супрацоўнік ДАІ, які быў побач з будынкам інспекцыі, ужо чакаў яе. Ён узгадаў, што гэтую грамадзянку не так даўно пазбавілі правоў кіроўцы. Калі абвінавачаная села ў машыну, каб з’ехаць, яе спынілі. Жанчына прадставілася анкетнымі дадзенымі сястры і паказала дакументы на аўтамабіль, патлумачыўшы, што пасведчанне кіроўцы і талон да яго аддала на замену. Цяпер яе чакае не толькі адміністратыўны штраф за кіраванне аўтамабілям без правоў, але і крымінальная справа за падробку дакументаў.

ГА, belsat.eu паводле sk.gov.by

Стужка навінаў