Таццяна Караткевіч за Плошчу-2015 у форме мірнага пратэсту


Патэнцыйны кандыдат на прэзідэнцтва Беларусі Таццяна Караткевіч распавяла, што будзе рабіць увечары 11 кастрычніка пасля абвяшчэння вынікаў галасавання.

Таццяна Караткевіч распавяла радыё «Свабодзе», што на пікетах па зборы подпісаў у яе часта пыталіся пра магчымасць Плошчы.

«Цяпер ідзе фармаванне ўчастковых выбарчых камісіяў. Мы прапанавалі 373 чалавек, уключылі толькі шэсць. Гэта сведчыць пра тое, што ўлады не збіраюцца змяняць механізм падліку галасоў. Ужо ёсць падставы думаць, што вынікі выбараў будуць сумнеўнымі. Калі надыдзе гэты момант, я буду выкарыстоўваць усе заканадаўчыя нормы, каб аспрэчыць вынікі выбараў, але разам з гэтым людзі маюць права на мірны пратэст».

Чытайце яшчэ >>> Статкевіч прызначыў сустрэчу Лукашэнку. На Плошчы

Патэнцыйная кандыдатка падкрэсліла, што на ёй будзе вялікая адказнасць, каб нікога з пратэстоўцаў не арыштавалі і не збілі. «Пратэст мусіць быць у такой форме, каб я як сапраўды палітык несла адказнасць за сваіх выбарнікаў. Усе памятаюць абвінавачванні, якія гучалі на адрас палітыкаў у 2010 годзе за тое, што яны не здолелі абараніць людзей. Сёння людзі хочуць пераменаў, але разумеюць, што яны атрымаюць за сваё хаценне», – заўважыла патэнцыйная кандыдатка.

Мірны пратэст, паводле спадарыні Караткевіч, – гэта выйсце людзей, фармуляванне думак і перадача сваіх прэтэнзій тым, хто трымае ўладу. «Мірны пратэст – гэта дыскусія, дыялог і пазіцыя. Сёння ўсе шукаюць спосаб выказаць сваю пазіцыю. Выбары – не варыянт, бо галасы не падлічаць, будуць фальсіфікацыі. Варта думаць над спосабам. Але думаць такім чынам, каб людзі былі ў бяспецы і каб мы не страцілі той давер, які атрымалі».

Чытайце яшчэ >>> Някляеў: «Цітушкі» – найбольшая небяспека пры магчымай Плошчы-2015

Лідар Партыі БНФ: Марнаваць свае сілы і энергію на ініцыятыву Статкевіча нам не цікава

МЯ, паводле svaboda.org

Стужка навінаў