Таблетка ад цэнзуры – захавайце на выпадак блакавання сайтаў!


Не чакайце, пакуль «Белтэлекам» ізноў заблакуе доступ да незалежных сайтаў і сацыяльных сетак! Пампуйце «таблетку ад цэнзуры» цяпер – напэўна прыдасца!

Падчас выбараў і апазіцыйных акцыяў улады Беларусі цішком блакуюць доступ да незалежных сайтаў, а таксама сацыяльных сетак, такіх, як «Facebook», «VK», «Twitter». Для непадрыхтаванага карыстальніка абыход блакавання можа стаць сур’ёзнай праблемай. З іншага боку, «Белтэлекам» і цэнзары – не ўсёмагутныя, «забараніць інтэрнэт» яны не ў стане.

Мы сабралі некалькі найлепшых бясплатных інструментаў для абыходу цэнзуры і вашай бяспекі, якія гарантуюць вам:

  • ананімнасць
  • абыход блакіровак
  • шыфраванне

Акрамя таго, у «таблетцы» вы знойдзеце бясплатную утыліту-антывірус «Dr.Web CureIt!», якая вычысціць камп’ютар ад вірусаў. У Беларусі доступ да спампоўвання гэтай праграмы таксама блакуюць.

Што ўтрымлівае «таблетка ад цэнзуры»?

У архіве zip вы знойдзеце наступныя праграмы:

Psiphon у фонавым рэжыме дапамагае абыйсці блакаванне сайтаў

Psiphon – праграма, ствараная ў канадскім Універсітэце Таронта. Пасля запуску спалучаецца з серверам Psiphon, праз які праходзіць увесь ваш трафік. Проста запусціце файл у тэчцы, а праграма зоймецца абыходам цэнзуры.

Праграма UltraSurf дазваляе адчыніць заблакаваныя сайты

UltraSurf – створаны кітайскімі праграмістамі, што жывуць у ЗША. Абыходзіць блакаванні сайтаў дзякуючы сетцы проксі-сервераў, якія ўвесь час змяняюцца, хавае вашую IP-адрэсу. Можна запускаць з флэшкі нават у інтэрнэт-кавярні.

Dr.Web CureIt! праверыць ваш кампутар на вірусы бясплатна

Dr.Web CureIt! – утыліта, што шукае і выдаляе вірусы, усталёўваць праграму не трэба, дастаткова запусціць. Знішчыць вірусы, руткіты, траяны і шпіёнскія праграмы, якія мог не заўважыць ваш антывірус, робіць гэта настолькі эфектыўна, што ўлады Беларусі вырашылі забараніць спампоўванне праграмы.

Натуральна, вы іх можаце спампаваць проста з сайту вытворцаў і гарантавана атрымаеце самыя свежыя версіі праграмаў. Галоўнае, каб доступ да гэтых сайтаў таксама не зачынілі.

Асцярожна! Таварыш маёр не спіць!

Нашая «таблетка» змешчаная ў воблачным сховішчы «Google». Перыядычна лакалізацыя «таблеткі» змяняецца – у мэтах бяспекі. Тым не менш, і гэтага можа быць мала. Мы вельмі рэкамендуем спраўдзіць – ці сапраўды вы спампавалі нашую «таблетку», ці падробку ад хакера. Скарыстайцеся адной са спецыялізаваных праграмаў (напрыклад, гэтай) каб параўнаць кантрольную суму файла (код, які пацвердзіць аўтэнтычнасць архіва).

Вось кантрольная сума, для актуальнай версіі «таблеткі»:

MD5: E4182956B8C0470D69CF85AB041B1BCF

SHA-1: C739E28349942BED8257F867A5B93794F87FA95A

А вось так выглядае спраўджванне кантрольнай сумы файла: клік правай кнопкай мышы, выбіраем уласцівасці і адпаведную ўкладку.

Калі супадае – усё ў парадку. Калі не – файл падменены, або недапампаваўся. Звяжыцеся з намі і мы паспрабуем вырашыць праблему.

Дапамажы іншаму!

Пра метады абыходу блакавання ў Сеціве пішуць шмат і падрабязна. Мы адмыслова не канцэнтруемся на апісанні тэхнічнага боку, а прапануем вам рашэнні, падабраныя з дапамогаю адмыслоўцаў.

Пампуйце «таблетку» цяпер, выпрабуйце, як працуюць гэтыя праграмы, каб у «дзень Х» не апынуцца адзін на адзін з дзяржаўнай прапагандаю ды ў інфармацыйнай блакадзе. Калі ж гэты дзень настане – вы зможаце пераслаць гэты файл (ці спасылку на яго) сваім знаёмым.

belsat.eu

Стужка навінаў