Аўта з «вышыванкаю» ездзіць па Менску


У сеціва выклалі фатаграфіі «Volkswagen Golf» з беларускай сімволікай.

Нядаўна ў Менску прайшоў першы Дзень вышыванкі, прысвечаны нацыянальнаму арнаменту, які ў гонар гэтай імпрэзы размяшчалі на адзенні, аздобах і г.д.

Некаторыя энтузіясты рабілі татуіроўкі з арнаментам. Некаторыя пайшлі яшчэ далей і размясцілі народныя ўзоры на аўце.

Арнамент на капоце «Volkswagen Golf», паводле імпарцёра гэтых аўтаў у Беларусь, гэта не проста даніна модзе, а перадусім уважлівыя і беражлівыя адносіны да беларускай культуры і гісторыі. Акрамя таго, арнамент можна разглядаць як абярэг. Менавіта так вышыванку выкарыстоўвалі нашы продкі – кожны знак арнаменту валодае сваім сэнсам і значэннем, падае auto.onliner.by.

Нацыянальны ўзор, размешчаны на «Golf», узяты з кнігі «Беларускі народны арнамент» 1955 года. Яна прызначалася для супрацоўнікаў лёгкай прамысловасці Беларусі. У дадзеным выпадку гэта аналаг арнаменту «Лапа на дванаццаць растоў», якая сімвалізуе засеянае поле, зялёныя землі і палі, якія абяцаюць багацце і дабрабыт.

МЯ, belsat.eu, паводле auto.onliner.by

Стужка навінаў