Сысці нельга застацца: у чым справа з адстаўкаю Кадырава?


«Рамзан, не сыходзь» – акцыі пад такім лозунгам распачаліся па ўсёй Чачэніі пасля словаў кіраўніка рэспублікі, што той нібыта збіраецца пакінуць пасаду. Маўляў, заставацца ва ўладзе Кадыраў не жадае, затое хоча надалей служыць Расеі, калі магчыма – са зброяй у руках.

Пра нечаканую заяву пра намер Кадырава сысці з пасады кіраўніка Чачэнскай рэспублікі стала вядома ў суботу. У матэрыяле тэлеканалу НТВ, пасля словаў недаверу журналіста пра тое, што хтосьці можа замяніць Рамзана Кадырава, чачэнскі лідар заявіў, што за гэтыя гады стаміўся ад улады. На пытанне, ці ён хоча пакінуць сваю пасаду, Кадыраў сказаў, што з задаваленнем:

«Я кажу, што мой час ужо надышоў. Ёсць у чалавека мяжа і гэтая мяжа для Кадырава тут вось».

Пасля таго, як у тўітэры распачалася кампанія пад гэштэгам «Рамзан не уходи», Кадыраў заклікаў сваіх прыхільнікаў не праводзіць мітынгі і дэманстрацыі ў ягонае падтрыманне, маўляў, рашэнне ўжо прынятае і сваю кандыдатуру на вясновых выбарах кіраўніка Чачэніі ён не высуне.

Жыхары Масквы падзяліліся з «Белсатам» сваймі ўражаннямі пра рашэнне Кадырава:

«Дрэнна стаўлюся, вельмі дрэнна, думаю шмат хто такое ж стаўленне мае. Чалавек харошы, як бы сваймі дзеяннямі, трэба па дзеянням глядзець».

«Рамзан – толькі з пазітыўнага боку, толькі з пазітыўнага. Ён усё для народу робіць і антытэрарыстычныя аперацыі выдатна праводзіць. То бок усё нармальна і ён усё робіць для свайго народу – я ўвесь час гэта па тэлебачанні бачу».

«Канешне гэта піяр-крок. Ніхто яго не будзе вызваляць. Ён сваім месцы, на патрэбным месцы, і ў дадзены час няма сэнсу мяняць ягоную кандыдатуру».

«Гэта ягонае права. Чалавек шмат працаваў, шмат зрабіў для Чачэніі».

Кадыраў заявіў пра сваю стомленасць акурат пасля справаздачы расейскага апазіцыянера Ільі Яшына. Паводле сабраных дадзеных, палітык назваў Кадырава пагрозай бяспекі расейскай дзяржавы. Гаворка ў справаздачы вялася пра стварэнне квазі-ісламскай дзяржавы ў Чачэніі, пра беспакаранасць Кадырава, што раней ваяваў супраць расейскіх сілавікоў, пра сувязь вышэйшага кіраўніцтва рэспублікі з забойствам Барыса Нямцова, вялізарны ўзровень карупцыі і пра галоўную небяспеку – уласнае кадыраўскае войска.

«Адной з ключавых тэмаў справаздачы, што ідзе поруч з тэмаю карупцыі ёсць тэма звязаная з прыватным войскам, якая фактычна створаная ў Чачэніі. Гэта адзіны рэгіён, дзе фактычна створаная поўнавартасная рэгіянальная армія. Няма ні аднаго рэгіёну ў Расеі, дзе існавала б армія, што падпарадкоўвалася б не федэральным уладам, а кіраўніку рэгіёну», – заявіў Яшын.

Цяжка ўявіць, хто пасля сыходу Кадырава будзе кантраляваць гэтыя тысячы ўзброеных людзей, якія прысягалі яму на вернасць.

У Крамлі ж да сёння пазбягаюць наўпрост каментаваць сітуацыю. Паводле прэс-сакратара Уладзіміра Пуціна Дзмітрыя Пяскова, Чачэнія ёсць шараговым рэгіёнам Расеі, а таму, маўляў няма пра што і размаўляць.

Стужка навінаў