Сыры для Расеі робяць з беларускага малака з перавышаным узроўнем радыяцыі


Журналісты здалі ў лабараторыю малако з ускрайку беларускай зоны адчужэння.

Zrzut ekranu 2016-04-25 o 12.55.01

Фермер, які вядзе тут (вёска Губарэвічы) свой бізнес, прапанаваў гасцям шклянку свежага малака. Журналісты адмовіліся і занеслі малако ў лабараторыю – узровень радыяцыі ў ім аказаўся ў 10 разоў вышэйшы за норму.

Фермер Мікалай Чубенок з гонарам кажа, што ягоны статак з 50 кароваў у содні вырабляе да двух тонаў малака для заводу «Мілкавіта». Прадпрыемства ж робіць сыр пармезан, які пераважна накіроўваецца ў Расею.

Прадстаўнікі «Мілкавіты» кажуць пра немагчымасць перавышэння нормы – маўляў іх уласныя тэсты паказваюць, што наяўнасць радыеактыўных ізатопаў значна меншая за дапушчальныя ліміты.

«Няма тут ніякая радыяцыі. Як вы можаце яе баяцца?» – здзіўляецца Мікалай Чубенок, які з 2014 года вядзе свой малочны бізнес у 45 кіламетрах ад пляцоўкі Чарнобыльскай АЭС і ў 2 кіламетрах ад мяжы зоны, дзе забароненае знаходжанне чалавека поўны дзень.

З яго малака робяць сыры «Палескія», 90 % якіх вязуць у Расею.

Адзін з самых вядомых медычных крытыкаў падыходу беларускага ўраду да абароны насельніцтва ад наступстваў Чарнобыльскай аварыі – прафесар Юрый Бандажэўскі. У свой час ён быў рэктарам Гомельскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту, у 2001 годзе быў змешчаны ў турму па абвінавачанні ў карупцыі. Шмат якія міжнародныя праваабарончыя групы прызналі пераслед палітычна матываваным. У 2005 годзе Юрый Бандажэўскі выйшаў на волю паводле ўмоўна-датэрміновага вызвалення і працягнуў свае даследаванні, што тычацца сувязі Чарнобыльскай трагедыі і ракавых захворванняў. Цяпер жыве і займаецца даследаваннямі ў Кіеве.

«У нас катастрофа. У Беларусі няма абароны насельніцтва ад радыеактыўнага апраменьвання. Наадварот: урад спрабуе ўпэўніць людзей не звяртаць увагі на апраменьванне, прадукты вырабляюцца ў забруджаных раёнах, адпраўляюцца пасля ва ўсе кропкі краіны», – кажа Юрый Бандажэўскі.

Намесніца дырэктара Беларускага інстытуту радыялогіі Наталля Цімохіна кажа, што вытворцам прадуктаў дазваляецца рабіць свой уласны маніторынг бяспекі ежы. А таксама распавядае пра недахоп абсталяванне, якое вызначае прысутнасць амерыцыя. Мяркуецца, што гэты элемент змяшчаецца ў верхнім слоі глебы 2 % беларускай тэрыторыі і будзе ствараць рызыку для здароўя яшчэ цягам 270 гадоў.

Як вытворцы «ачышчаюць» ежу ад радыяцыі

«Аднаразовы прыём забруджанай ежы не вельмі небяспечны. Больш небяспечнае назапашванне радыенуклідаў у арганізме», – кажа Цімохіна.

Прадстаўнік Сусветнай арганізацыі здароўя (САЗ) у Жэневе Грэгары Гэртль адзначае, што ягоная арганізацыя не мае паўнамоцтваў кантраляваць бяспеку прадуктаў, нават тых, што экспартуюцца за мяжу – для гэтага ёсць унутраная адказнасць.

«Радыяцыйныя эфекты і развіццё раку, як і ўплыў радыяцыі на рэгіён, становяцца заўважнымі праз доўгі час. Такім чынам мы не бачым канца іх праяўленню. Безумоўна, будзе пэўнае павелічэнне ракавых захворванняў», – заўважае Грэгары Гэртль.

Паводле ягоных словаў, чыноўнікі не атрымлівалі трывожных сігналаў з Беларусі.

Стваральніца беларускай экалагічнай групы «Зялёная сетка» распавядае падрабязнасці, якімі з ёй падзяліліся працаўнікі харчовых прадпрыемстваў падчас асабістых размоваў. Інгрэдыенты і прадукты змешваюць, каб разбавіць уздзеянне патэнцыйна радыеактыўных кампанентаў беларускіх пастаўшчыкоў, якія базуюцца побач з Украінай. Такое змешванне нібыта зніжае ўзровень ізатопаў, што выклікаюць рак, у малочных прадуктах і ў перапрацаваным мясе. Такім чынам узровень згаданых элементаў становіцца «дапушчальным, але ўсё роўна нясе небяспеку для здароўя».

НМ, belsat.eu, паводле AP, фотаздымак Vetka.by

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары