Сёння яны таксама былі б у чорным спісе. Як Саветы вынішчалі беларускую культуру. Частка 2


Літаратурнае асяроддзе Беларусі пацярпела найбольш у параўнанні з астатнімі савецкімі краінамі. Чвэрць з усіх рэпрэсаваных літаратараў у СССР былі беларусамі. Тут, у краіне, што аддзяляла Маскву ад Захаду, нельга было пакінуць нічога, што хоць на хвілінку ставіла пад сумнеў ідэю адзінай вялікай савецкай краіны.

«У адсоткавым эквіваленце ў Беларусі знішчылі дзве траціны пісьменнікаў, ва Украіне – каля 65 адсоткаў, – кажа Ігар Кузняцоў, гісторык, даследчык сталінскіх рэпрэсіяў. У нас больш за ўсіх пацярпела літаратурнае асяроддзе. Тут была свая спецыфіка: памежная краіна. Нават у параўнанні з Украінаю, у нас вынішчылі больш, бо мы больш кампактныя, у нас меншая тэрыторыя».

Леанід Маракоў, пляменнік расстралянага паэта Валерыя Маракова, у публікацыі «Вынішчэнне» прыводзіць лічбу, што з 2000 рэпрэсаваных літаратараў па ўсім СССР каля 500 былі з Беларусі. Толькі за тры восеньскія месяцы 1937-га году было расстраляна больш за пяцьдзясят беларускіх пісьменнікаў. За дзесяць гадоў з 1930-га па 1939 год пад рэпрэсіі трапілі каля 350 літаратараў, амаль палова з іх былі расстраляныя.

«Там быў увесь цвет, самы сок. Таленавітыя, амбітныя, імклівыя ў развіцці. А прыгожыя якія… неверагоднай прыгажосці! – кажа Ганна Севярынец, пісьменніца і даследчыца беларускай літаратуры. – Гэта быў вельмі незвычайны час. А які час, такія і паэты».

Большай часткай з беларускай літаратуры вынішчалі моладзь, паэтаў і пісьменнікаў, якія толькі пачалі свой творчы шлях і дасягнулі першых вынікаў у літаратуры. Яны паспелі выдаць свае першыя зборнікі, публікаваліся ў друку. Аднак падчас арыштаў НКВД праводзіла вобшукі ў пісьменнікаў, забірала і нішчыла ўсю літаратуру, кнігі і карэспандэнцыю. А галоўнае, – бясцэнныя для беларускай літаратуры рукапісы. У агонь трапляла ўсё, што не ўсхваляла Савецкі саюз. Спецыяльныя літаратурныя эксперты выязджалі з НКВД на вобшукі, каб не прапусціць, не пакінуць нічога «нацдэмаўскага».

Дагэтуль не адноўлена паэма Сяргея Астрэйкі «Бенгалія», што паспела стаць знакамітай у літаратурных колах. Сяргей Астрэйка быў расстраляны ў 24 гады.

Уладзіміра Дубоўку, Уладзіміра Жылку і Адама Бабарэку выслалі, калі ім было па 30 гадоў. Алеся Дудара забілі ў 32 гады. Юлія Таўбіна – у 26. Самым старэйшым з расстраляных у 37-м годзе паэтаў быў 40-гадовы Міхась Чарот, з пісьменнікаў – 42-хгадовы Янка Нёманскі.

«Трыццаць – гэта ж самы ўзрост, самая спеласць паэтычная. Дубоўка толькі скончыў свой першапачатковы, вучнёўскі раздзел і ўжо стаў класікам беларускай літаратуры. А калі б яму далі працаваць?, – кажа Ганна Севярынец. – Калі б засталіся ў літаратурным асяроддзі Алесь Дудар, Уладзімір Дубоўка, Міхась Чарот… Тыя, хто пазбег рэпрэсіяў у той час, былі паэты другога шэрагу, яны б ніколі не дасягнулі такіх пазіцыяў, калі б жылі тыя, каго выслалі і расстралялі. Уладзімір Хадыка, Уладзімір Жылка, Юлій Таўбін, Тодар Кляшторны, – гэта паэты ўзроўню на некалькі парадкаў вышэй за Петра Глебку ці Петруся Броўку, я ўжо не кажу пра безліч функцыянераў ад літаратуры, якія наагул не былі абцяжараны талентамі, але доўгі час валадарылі на полі беларускай культуры».

У ноч з 29 на 30 кастрычніка ў Менску былі расстраляныя ад 102 да 106 чалавек, па розных звестках. Прыкладна 30 з іх так ці інакш належалі да літаратурнага асяроддзя і праходзілі па сфабрыкаванай справе НКВД аб стварэнні нацыянал-фашысцкай арганізацыі, якая ставіла сваёй мэтай адлучыць БССР ад Савецкага саюзу. З пратаколаў допытаў беларускіх літаратараў вынікае, што замест літаратурнай дзейнасці яны нібыта рыхтавалі ўзброенае паўстанне супраць савецкай улады.

На допыты да пісьменнікаў і паэтаў прыходзілі самыя жорсткія следчыя, бо арыштаваныя былі нязломныя духам. Іх жорстка катавалі, каб выбіць подпіс пад пратаколам.

Згодна з афіцыйнай лічбай, агулам на тэрыторыі Беларусі з 20-х па 50-я гады было рэпрэсавана 600 тысячаў чалавек.

«Я называю лічбу 1 млн 400 тысячаў – 1 млн 600 тысячаў рэпрэсаваных, – кажа гісторык і даследчык Ігар Кузняцоў. Бо я ўлічваю не толькі тых, хто быў расстраляны або высланы на катаргу, але і тых, хто быў пазбаўлены выбарчых, або іншых грамадзянскіх правоў».

Літаратары, а таксама гісторыкі, географы, архітэктары, навукоўцы, каго абмінула смерць або лагеры, вымушаныя былі хавацца, або бегчы, або працаваць згодна з прынцыпамі і ідэямі саветаў. Прыстасаванне да ўлады ратавала жыццё, але не спрыяла творчасці, нацыянальнаму развіццю.

«Гэта была доўгатэрміновая, спланаваная праца па знішчэнні нацыянальнай інтэлігенцыі, – кажа Ганна Севярынец. – І ў іх атрымалася, мы амаль страцілі нацыянальную дзяржаву Беларусь. Сёння нам патрэбна яшчэ сто год ісці туды, у тую краіну, якую яны ўжо бачылі перад сабой, якую пачыналі будаваць, трымаючыся сваёй мовы, літаратуры, гісторыі. Калі мы іх памятаем, то тады мы іх бяром у паплечнікі, хоць іх няма фізічна, але іх вершы, артыкулы нясуць той невычэрпны эмацыйны запал, на які сёння не здольныя мы самі, нашчадкі жорстка вынішчанай культуры. Сёння, між іншым, яны ўсе былі б у чорным спісе».

Belsat.eu дзякуе за прадстаўленыя фотаздымкі паэтаў з уласнага архіву Алеся Дудара.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары