Міраслаў Лазоўскі на волі


30 чэрвеня выпусцілі апошніх фігурантаў «справы патрыётаў».

UPD. Міраслаў Лазоўскі на волі. Ён прыйшоў дадому.

«Мне вярталі рэчы, вопіс складалі ў Следчым Камітэце. Мяне забралі і адвезлі туды. Пасля давезлі сюды, але не заяжджалі ў двор», – распавядае Лазоўскі.

У яго падпіска аб нявыездзе і даў падпіску аб неразгалошванні справы.

«Што са мной адбывалася? Я сядзеў. Шмат чытаў, займаўся фізкультураю», – распавядае Лазоўскі.

Распавёў як затрымлівалі: ехаў на аўтамабілі, спынілі, выцягнулі, пагрузілі ў іншую машыну, кайданкі, шапка і павезлі на вобшукі.

Міраслаў кажа, што цяпер хоча дачакацца нявесту і абняць яе.

«Я магу сказаць толькі тое, што ніякага ўзброенага фармавання мы не рабілі», – кажа Міраслаў Лазоўскі.

Ён бы хацеў вярнуцца да працы ў выдавецтве, калі яго дырэктар будзе не супраць.

«Вызваліць вызвалілі, але паглядзім, спадзяюся, калі справа дойдзе да суда, і там скончыцца ўсё больш-менш аптымістычна. Што я магу сказаць, калі мяне з нараў, вярнулі рэчы і паставілі сюды. Няма чаго сказаць, трэба хаця б з адвакатам сустрэцца і даведацца, што яна думае», – кажа Лазоўскі.

Доўгі час было невядома пра знаходжанне Міраслава Лазоўскага. Нашым карэспандэнтам у СІЗА паведамілі, што яго выпусцілі, але пацверджання не было. Дома яго не было і на сувязь з роднымі ён не выходзіў.

Міраслаў Лазоўскі працуе памочнікам дырэктара выдавецтва «Кнігазбор». Быў адным з лідараў моладзевай патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён», якая дзейнічала ў 90-х гадах і спыніла існаванне ў 2000 годзе.

Пра вызваленне Віктара Мароза ў Facebook паведаміла Ніна Шыдлоўская.

Бізнесоўца выпусцілі ранкам, ён не стаў чакаць прэсу і з’ехаў дадому.

Пра тое, што апошніх фігурантаў «справы баевікоў» выпусцяць да канца дня паведаміў кіраўнік Следчага камітэту Іван Наскевіч.

«Справа знаходзіцца на маім асабістым кантролі. Цяпер мы мяркуем, што падстаў для знаходжання пад вартай фігурантаў па справе няма, і таму прынялі такое рашэнне. Што датычыць перспектыў, то пра іх казаць рана – усё пакажа следства», – цытуе Наскевіча прэс-служба СК.

Цяпер пад вартай застаецца Міраслаў Лазоўскі. Яго абвінавачваюць у стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання. Агулам у крымінальнай справе аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання праходзілі 20 асобаў – былыя чальцы «Белага легіёну», спартыўна-патрыятычнага клуба «Патрыёт» і «Маладога фронта». Пазней з 6 маладафронтаўцаў абвінавачванні па гэтым артыкуле знялі.

29 чэрвеня на свабоду выйшлі:

Андрэй Комлік-Ямацін

Іван Кавальчук

Андрэя Дундукова

Дзмітры Новік

Аляксей Абрамаў

За апошнія некалькі дзён на волю таксама выйшлі: Алесь Яўдаха, Сяргей Стрыбульскі, Аляксандр Зімніцкі, Уладзімір Фёдараў, Уладзімір Румянцаў, Цімур Пашкевіч, Віктар Данілаў. З іх знялі абвінавачанне ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». Цяпер яны знаходзяцца пад падпіскай аб нявыезде.

Агулам у справе патрыётаў напярэдадні 25 сакавіка сёлета арыштавалі 35 чалавек.

Затрыманні пачаліся пасля заявы Лукашэнкі пра групу «пятай калоны», якая рыхтавала масавыя беспарадкі і хацела дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне. Цягам двух месяцаў большую частку затрыманых ужо выпусцілі. КДБ перадаў «справу патрыётаў» Следчаму камітэту, а крымінальны пераслед паводле артыкулу «масавыя закалоты» спыніў у дачыненні ўсіх фігурантаў. Грамадскія дзеячы і праваабаронцы заклікалі прызнаць фігурантаў гэтай гучнай справы палітвязнямі.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары