Суд над Святаславам Барановічам, які бараніў людзей ад міліцыянтаў, перанеслі


Святаслаў Барановіч намагаўся перашкодзіць брутальным затрыманням пасля акцыі «недармаедаў» 15 сакавіка. Пацяпеў адзін з АМАПаўцаў, якія былі «у цывільным». Цяпер Святаслава абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні службовых асобаў, яму пагражае абмежаванне або пазбаўленне волі. Разгляд справы пачаўся 15 лютага.

Суд меўся распачацца аб 11-й гадзіне сёння, але яго перанеслі на 12 сакавіка на 14:15 у сувязі са службовай занятасцю суддзі. Аб’явілі пра гэта 27 лютага позна ўвечары з прыватнага акаунту супрацоўніка суду. Сёння на суд над Барановічам прыйшлі больш дзясятка чалавек, але ўсіх развярнулі на ўваходзе.

15 сакавіка мінулага году Святаслаў Барановіч прымаў удзел у «маршы недармаедаў». Пасля акцыі ён апынуўся каля прыпынку грамадскага транспарту «Бангалор», дзе ў тралейбусе №37 міліцыянты брутальна пачалі затрымліваць людзей. Сярод затрыманых былі ўдзельнікі акцыі і звычайныя пасажыры. Барановіч паспрабаваў «адбіць» затрыманых у міліцыянтаў, якія дзейнічалі ў цывільным.

Па тэме:

Брутальныя затрыманні ў грамадскім транспарце пасля «маршу недармаедаў» у Менску

Паводле артыкулу 364 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь Святаславу пагражае арышт на тэрмін да трох месяцаў ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі да шасці гадоў.

Па звестках праваабаронцаў з папярэдняга судовага паседжання па гэтай справе, абвінавачаны сваю віну прызнаў. Аднак, падкрэсліў, што не ведаў пацярпелага раней і гэта не была асабістая помста. Пацярпелы супрацоўнік АМАП заявіў суду, што не мае прэтэнзіяў да Святаслава Барановіча, у тым ліку маральных.

На судзе выступалі сведкі, напарнік пацярпелага, а таксама калегі Святаслава Барановіча.

Справу мелася разглядаць суддзя Святлана Бандарэнка.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў