«Змяніце беларускую на арабскую ці вяшчайце на Афрыку» – новыя патрабаванні да «Белсату»


У калегіі інтэлектуальнай уласнасці ў Вярхоўным Судзе Беларусі сёння паўторна разгледзелі пазоў бізнесоўца Андрэя Белякова супраць нашага тэлеканала. Да заўтра абвешчаны перапынак у працэсе – мае выступіць пракурор.

Міхась Янчук, які рэпрэзентуе «Белсат» на судовым працэсе, распавёў, што сёння суд разгледзеў аргументы і доказы спадара Белякова. «Гэта тыя ж самыя доказы, што былі літаральна разгромленыя Вярхоўным судом падчас папярэдняга працэсу. Напрыклад, сп. Белякоў прасіў узяць пад увагу ў якасці доказу відэазапісы, невядома дзе і кім зробленыя. Новыя доказы суд разглядаць адмовіўся», – паведаміў Міхась Янчук.

Пяць месяцаў таму Вярхоўны Суд не задаволіў патрабаванняў бізнесоўцы, палічыўшы іх неабгрунтаванымі, і вынес рашэнне на карысць нашага тэлеканалу. Пераразгляд справы ініцыяваў прэзідыўм Вярхоўнага Суда. Гэтым разам справаю займаецца іншы склад суддзяў, а ў працэсе бярэ ўдзел пракурор – заўтра ён мае выступіць перад судом.

Андрэй Белякоў з фірмы «БЕЛСАТплюс» патрабуе забараніць выкарыстанне таварнага знаку «Белсат ТВ». «Таксама наш апанент дамагаецца спагнаць з нас судовыя выдаткі ў памеры Br 9 998 800, – гаворыць Міхась Янчук. – Зрэшты, у судзе ён сказаў і пра іншыя варыянты развязання справы. Напрыклад, «Белсат» мае адмовіцца ад выкарыстання беларускай мовы, а перайсці на любую іншую – «хоць арабскую», як сказаў сп. Белякоў, ці спыніць вяшчанне ў рэгіёне і пераключыцца, напрыклад, на Афрыку».

Чарговае паседжанне адбудзецца ў Вярхоўным Судзе 3 верасня а 9:00.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў