Сёння – рэферэндум у Ірландыі, які можа легалізаваць спароны


У Ірландыі 25 траўня пройдзе рэферэндум аб легалізацыі спаронаў.

У гэтай краіне адно з самых жорсткіх заканадаўстваў у Еўразвязе ў галіне перапынення цяжарнасці.

На працягу апошніх 30 гадоў у краіне прайшло пяць агульнанацыянальных рэферэндумаў аб стаўленні да спаронаў.

Спароны ў Ірландыі заўсёды былі забароненыя законам. Пасля рэферэндуму 1983 года «права на жыццё эмбрыёна» было замацаванае ў Канстытуцыі краіны.

Адначасова з гэтым у асноўны закон унеслі папраўку, у адпаведнасці з якой ненароджанае дзіця і маці маюць аднолькавае права на жыццё. Жанчыне, якая зрабіла спарон, можа пагражаць да 14 гадоў пазбаўлення волі.

Ірландцы будуць галасаваць за выключэнне з Канстытуцыі восьмай дадатковай папраўкі. Згодна з папярэднімі апытаннямі, большасць удзельнікаў рэферэндуму прагаласуюць за яе выключэнне з асноўнага закону. У гэтым выпадку дэпутаты парламенту ўхваляць змяненне закону і ўнясенне ў яго новых паправак, якія дазваляюць спароны ў перыяд да 12 тыдняў цяжарнасці, а ў выключных выпадках – такіх, як пагроза жыццю маці або цяжкія заганы развіцця плоду, – да 22 тыдняў цяжарнасці.

НМ, belsat.eu, паводле DW

Фотаздымак Clodagh Kilcoyne TPX IMAGES OF THE DAY/ Forum

Стужка навінаў