Сёння прэмʼера новага сезону «Аўтаспынам па Беларусі» (+ Праграма ТБ на лета)

video

Падарожжы аўтаспынам па Беларусі, курсы беларускай мовы, займальная гісторыя ды лепшыя дакументальныя фільмы. «Белсат» пераходзіць на летні сезон. Спраўдзі праграму ТБ!

Першае выданне новага сезону «Аўтаспынам па Беларусі» – у эфіры «Белсату» (або онлайн на нашым сайце) сёння а 20:40. Хутка выданне будзе апублікаваная на нашай старонцы.

Улетку мы скарачаем інфармацыйна-публіцыстычны блок ды пераключаемся на падарожжы, рэпартажы ды навукова-папулярныя праграмы. Што цікавага вы зможаце пабачыць на «Белсаце»?

Падчас здымкаў «Аўтаспынам па Беларусі»

Новыя серыі «Аўтаспынам па Беларусі»

Праект «Аўтаспынам па Беларусі», які шмат каму палюбіўся, у ліпені распачынае чацвёрты сезон. Цягам яго вядоўца і вандроўніца Аўгіня Манцэвіч наведае бабулек-шаптух на Палессі, навучыцца ад іх некаторым таямніцам знахарства. Гледачы «Белсата» змогуць пабачыць, як спадчынныя шапавалы робяць экалагічныя валёнкі, дзе пчолы жывуць у борцях высока на дрэвах, даведаюцца, у чым кайф сапраўднага чоўна, выдзеўбанага з 500-гадовага дуба. Гэтым летам разам з «Аўтаспынам па Беларусі» будзе шанец пабываць у гасцях у стогадовых жыхароў і навучыцца ў іх мудрасці, павандраваць па самым маленькім горадзе краіны і не толькі.

Цікавыя рэпартажы

Не маеце магчымасці паехаць у Польшчу на славуты музычны фестываль Басовішча? Глядзіце «Лета ў “Аб’ектыве”» – адно з выданняў абавязкова будзе прысвечана гэтай падзеі. Небанальныя рэпартажы пра культурнае ды грамадскае жыццё будуць выходзіць штосераду а 20:30.

У вас будзе шанец пазнаёміцца з вандроўнікам Валерыем Аляксеевым, які нягледзячы на інваліднасць, за пяць гадоў аб’ездзіў 22 еўрапейскія краіны і дабраўся да Індыі. Або перанесціся на Падляшша, дзе Юрый Каліна здымае новы фільм «Белсату» пра тое, як 100 гадоў таму сотні тысячаў жыхароў заходніх губерніяў Расейскай імперыі ўцякалі ў глыб краіны, ратуючыся ад вайны.

Беларуская мова і гісторыя

Лета – выдатны час, каб падцягнуць веданне роднай мовы і гісторыі. Зрабіць гэта можна будзе падчас вячэры. Штодня а 18:55 глядзіце культурніцкі блок, а ў ім праграмы: «Гісторыя пад знакам Пагоні» (панядзелак-субота), «Мова нанова» (аўторак-пятніца), «Загадкі беларускай гісторыі» (чацвер).

Лепшыя дакументальныя фільмы

З 9 чэрвеня шточацвер а 22:05 мы паўторым шэсць серыяў дакументальнага цыклу «Апошнія сакрэты Трэцяга Райху»: «Грошы Гітлера», «Сям’я Гітлера», «Паслугач Гітлера», «Генерал Гітлера», «Жанчыны Гітлера», «Архітэктар Гітлера».

З 17 чэрвеня штопятніцу а 22:05 вашай увазе – шэсць серыяў дакументальнага цыклу «Бывайце, таварышы!». Серыял прысвечаны 20-й гадавіне распаду СССР. Рэжысёр пабываў у больш чым дзесяці краінах былога Усходняга блоку, аб’яднаўшы сведчанні відавочцаў з архіўнымі дакументамі. У фільме закранаюцца праблемы падпольнай культуры, выкарыстання псіхіятрыі ў пераследаванні дысідэнтаў, злоўжывання ўладай у краінах Усходняга блоку, падпісання Савецкім Саюзам Хельсінскага акту аб правах чалавека.

Для аматараў дакументальнага кіно мы паўторым лепшае з таго, што з’явіліся на «Белсаце» цягам года: «Труба», «Хадаркоўскі», «Сірыя, эскадроны Джыхаду», «Рабы Да’ішу».

ІА, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары