Сёння Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту (+ інтэрв'ю)


27 студзеня 1945 года савецкія войскі вызвалілі канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц Біркенаў. Паводле розных крыніцаў, у ім закатавалі больш за 1,4 млн асобаў.

Дзень памяці ахвяраў Халакосту быў усталяваны Генеральнай Асамблеяй ААН 1 лістапада 2005 года.

Прапануем вашай увазе нашае архіўнае (ад 9 верасня 2014 года) інтэрвʼю з Германам Фёлькерам – грамадзянінам Нямеччыны, які наведаў былы лагер смерці Трасцянец пад Менскам, каб ушанаваць там родных.

Глядзіце рэпартаж Валера Руселіка пра Трасцянец


У Беларусі я сустракаю людзей, з якімі адчуваю адзінства”

Блізкія Германа Фёлькера былі дэпартаваныя ў 1941 годзе з Гамбурга ў менскае гета. Паводле архіўных дакументаў, канцавой кропкай дэпартацыі быў Менск, галоўны вакзал. З вакзалу палонныя звычайна пешшу шлі ў гета. Тут сляды дзядзькі спадара Фёлькера Германа Гофмана, цёткі ды іншых родных губляюцца назаўсёды. Цяпер іх імёны ўнесеныя ў памятныя кнігі ахвяраў фашызму, закатаваных у лагеры смерці Трасцянец.

У Беларусі ў мяне больш магіл блізкіх, чым на радзіме, у Гамбургу, – кажа Герман Фёлькер. – Таму я прыехаў сюды, бо тут я магу сустрэць людзей, што былі вязнямі лагераў, ці згубілі там сваіх блізкіх. З імі я адчуваю адзінства”.

Спадар Фёлькер распавёў, што з дзяцінства ў ім выхоўвалі памяць пра трагедыю, што перажыла сям’я. Бо ўвогуле габрэйская культура як такая заснаваная на памяці: “Памяць – пра гісторыю народа, уласнай сям’і для нас – падмурак ідэнтычнасці, нацыянальнай свядомасці”.

Прэзідэнт Германіі мусіць папрасіць прабачэння ў беларусаў”

Нашчадак загінулых у Трасцянцы падкрэслівае, што вельмі хоча супрацоўнічаць з Беларуссю ў пытаннях культуры памяці, адкрываць нямецкае перажыванне памяці, бо “у Беларусі Другая сусветная вайна была асабліва знішчальнай, беларусы згубілі занадта шмат людзей, перажылі свой асобны Халакост”.

На думку спадара Фёлькера, вельмі важна будаваць мемарыяльныя комплексы, праводзіць даследаванні, каб адшукаць імя кожнай ахвяры. “Так можна будзе адкупіць гэтую страшную віну перад чалавецтвам. А прэзідэнт Германіі, я перакананы, мусіць прыехаць сюды, і папрасіць прабачэння ад імя нямецкага народу” – зазначыў спадар Фёлькер.

Трасцянец – “беларускі Асвенцым”

8 чэрвеня на тэрыторыі былога лагера смерці Трасцянец пад Менскам была закладзеная капсула ў падмурак будучага мемарыяльнага комплексу. У капсуле – зварот да нашчадкаў. Пасля, на памятнай імпрэзе, нямецкі бок перадаў Менскаму гарвыканкаму кнігі з імёнамі загінулых у Трасцянцы. Кніг усяго восем – па колькасці гарадоў, з якіх дэпартавалі ахвяраў Трасцянца з 1941 па 1944 гады. Але прадстаўленыя былі толькі сем: з Брэмена, Кёльна, Гамбурга, Берліна, Дзюсельдорфа, Тэрэзіенштадта, Франкфурта. Восьмая кніга мусіла быць з Аўстрыі. Аўстрыйскі пасланнік патлумачыў, што кнігу не атрымалася падрыхтаваць, бо імёнаў ахвяраў занадта шмат – з Аўстрыі ў Менск былі дэпартаваныя больш за 13 тысяч чалавек.

Аўстрыйскае насельніцтва ўспрымае Трасцянец як месца асаблівага жаху, – зазначыў прадстаўнік Аўстрыі. – Ні ў якім іншым месцы не было знішчана столькі грамадзянаў Аўстрыі, як у Трасцянцы”.

Лагер смерці ў Трасцянцы быў створаны ў красавіку 1942 году і праіснаваў да 1944 году. За гэты перыяд, паводле афіцыйных дадзеных, у лагеры былі закатаваныя 206 500 чалавек.

Па колькасці ахвяраў Трасцянец – чацвёрты пасля такіх лагераў, як Асвенцым, Майданак, Траблінка.

Першы этап будаўніцтва мемарыяльнага комплексу мусіць быць скончаны да 9 траўня 2015 году – да 70-й гадавіны Перамогі.

З бюджэту Менску, як распавёў намеснік старшыні Менскага гарвыканкаму Ігар Карпенка, ужо выдзелена каля двух мільёнаў еўра. Усяго ж на мемарыяльны комплекс спатрэбіцца каля 11 мільёнаў еўра. Большая частка сродкаў будзе сабраная Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам.

У Трасцянцы расстрэльваў людзей НКУС?

Чаму пра неабходнасць мемарыялізацыі Трасцянца ўзгадалі толькі праз 70 год пасля сканчэння вайны? І як сталася, што ў непасрэднай блізкасці ад месца страшнай смерці сотняў тысячаў людзей дагэтуль знаходзіцца гарадская сметніца? Гісторыкі мяркуюць, што прычына можа крыцца ў тым, што на гэтым жа месцы расстрэльваў людзей НКУС. Дакументальных пацверджанняў пакуль няма, але адным з істотных ускосных доказаў гісторык Ігар Мельнікаў называе тое, што матэрыялы аб лагеры ў Трасцянцы не былі прадстаўленыя Савецкім Саюзам на Нюрнбергскім працэсе.

Варта памятаць, што зроблена гэта было па ініцыятыве савецкага абвінаваўцы пракурора Рудэнкі. Пры гэтым саюзнікі хацелі атрымаць гэтыя матэрыялы для працэсу. Можна дапусціць, што савецкі бок такім чынам хацеў перадухіліць з’яўленне сведчанняў аб забітых сталінскім рэжымам і не паўтараць сваю памылку з Катынню, дзе спроба абвінаваціць немцаў у расстрэле польскіх афіцэраў скончылася фіяскам” – кажа Ігар Мельнікаў.

І дадае, што ўрочышча ў Благаўшчыне каля Трасцянца да вайны было закрытай зонай РСЧА, і пасля вызвалення Менска гэтую тэрыторыю ізноў зачынілі. Паводле гісторыка, ёсць сведчанні, што ў першыя дні вайны ў Благаўшчыне было знішчана не меньш за чатыры тысячы вязняў менскіх турмаў і “сацыяльна небяспечных элементаў”, што былі пад следствам – так праводзілася “эвакуацыя” вязняў войскамі НКУС.

Рана ці позна ў Беларусі паўстануць помнікі ахвярам сталінізму

Ігар Мельнікаў упэўнены ў гэтым, бо беларусы мусяць памятаць не толькі трагедыю фашызму, але і злачынствы НКУС. І так мы не “ачарняем” савецкае мінулае, а проста кажам праўду. Здаровая гістарычная памяць не можа быць селектыўнай, а мусіць асэнсоўваць і белыя, і чорныя старонкі гісторыі.

Трасцянец: ахвяры савецкага і нацысцкага рэжымаў

Стужка навінаў