Сёння Леаніда Кулакова забяруць адбываць адміністратыўны арышт

video

Леанід Кулакоў. Фота belsat.eu

Да дому актывіста «Еўрапейскай Беларусі» з 10 да 12 гадзіны мае прыехаць спецтранспарт, каб забраць адбываць  адміністратыўны арышт. За кратамі ён правядзе 10 содняў.

Пра гэта ён даведаўся ад участковага інспектара, які патэлефанаваў Леаніду напярэдадні.

Судовую пастанову аб арышце Кулакова вынес суд Цэнтральнага раёну Менску за ўдзел у пікеце ў падтрымку палітвязняў, які адбыўся на Кастрычніцкай плошчы яшчэ 22 чэрвеня.

Тады, на месцы, міліцыя нікога не затрымала, але ўдзельнікаў здымалі на відэакамеры. Потым шэраг актывістаў абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 3 арт. 23.34 КаАП) і вынеслі пастановы аб арышце. Максіма Вінярскага асудзілі на 15 содняў арышту, Вольгу Нікалайчык і Леаніда Кулакова на 10 содняў.

У Леаніда Кулакова сур’ёзныя праблемы з нагою, якую ён пашкодзіў, адбываючы ў ІЧУ папярэдні арышт. Цяпер актывіст праходзіць сур’ёзнае лячэнне і можа хадзіць толькі з кіем, а таму непакоіцца, што ў ізалятары яго могуць адабраць і тады ён не зможа перасоўвацца па камеры і выходзіць на прагулкі.

Леанід Кулакоў працуе ў Менску таксістам. За акцыю Дня Волі, якую брутальна разагналі беларускія сілавікі, ён адсядзеў максімальны тэрмін – 25 содняў. У лютым сёлета на ягонае аўта наклалі арышт за нясплачаныя штрафы.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары