Сёння гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага чакаюць адразу ў двух пастарунках


Міліцыянты з Калінкавічаў і Кармы патрабуюць ад журналіста-фрылансера тлумачэнняў за сюжэты на «Белсаце».

Спачатку Кастусю Жукоўскаму патэлефанаваў на мабільны ўчастковы інспектар Калінкавіцкага РАУС маёр Уладзімір Паўловіч і запатрабаваў 28 снежня а 10-й гадзіне прыехаць у міліцыю. Праваахоўнікі хочуць скласці адміністратыўны пратакол за тое, што журналіста браў у людзей відэакаментары, якія 18 лістапада былі выкарыстаныя тэлеканалам «Белсат». Сюжэт быў прысвечаны збіццю калінкавіцкімі футбольнымі фанатамі заўзятара з Жыткавічаў.

Пазней журналісту патэлефанаваў старшы ўчастковы інспектар, маёр міліцыі з Кармянскага РАУС Аляксандр Марозаў. Апошні таксама запатрабаваў 28 снежня прыехаць для тлумачэнняў і складання адміністрацыйнага пратаколу, але ўжо за іншы сюжэт на нашым тэлеканамі – «Жыхары Кармы без вады з лістапада».

У абодвух выпадках участковыя маёры сцвярджалі, што Кастусь Жукоўскі не меў права рабіць відэаздымкі для замежнага спадарожнікавага тэлеканалу, бо не мае акрэдытацыі ў беларускім МЗС у якасці карэспандэнта замежнага СМІ.

На гэта журналіст патлумачыў, што ад лістапада зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, займаецца стварэннем інфармацыйных матэрыялаў, у тым ліку і відэа. Беларускае заканадаўства і міжнародныя пагадненні, падпісаныя Беларуссю, гарантуюць грамадзянам права на збор і распаўсюд інфармацыі. Для гэтага непатрэбная акрэдытацыя ў знешнепалітычным ведамстве, бо Жукоўскі не зʼяўляецца штатным супрацоўнікам «Белсату».

Сёлета Кастуся Жукоўскага за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» штрафавалі шэсць разоў, агульная сума штрафаў склала 31,5 млн рублёў (больш за $ 1700 паводле актуальнага курсу).

НМ, belsat.eu, паводле ГА «БАЖ»

Стужка навінаў