Сёння – дзень народзінаў Сакрата Яновіча


Беларускі і польскі пісьменнік, старшыня беларускай партыі ў Польшчы нарадзіўся ў 1936 годзе ў Крынках на Падляшшы.

Сакрат Яновіч – вядомы беларускі пісьменнік, майстар лірычных мініяцюраў, напісаных паэтычнаю прозаю; адзін са шматгадовых лідараў беларускае меншасці ў Польшчы, аўтар 30 кніг. Пісаў на беларускай і польскай мовах.

У цэнтры ягонай творчасці – нацыянальная праблематыка, самасвядомасць беларусаў. Дэбютаваў апавяданнем у 1956-м у беластоцкай «Ніве» – газеце беларусаў Польшчы. Пераклаў на польскую мову «Вітражы» Я. Брыля, п’есу Я. Шабана «Шрамы» для Драматычнага тэатра імя Я. Вэнґеркі ў Беластоку.

У 1970 годзе яго звольнілі з беластоцкай «Нівы» за «беларускі нацыяналізм».

У савецкія часы быў завербаваны спецслужбамі Польскай Народнай Рэспублікі, у чым прызнаўся ў 2007 годзе.

Памёр ва ўзросце 76 гадоў у сваім доме на Падляшшы.

Глядзіце фільм «Белсата» пра пісьменніка – «Сакрат Яновіч: як я стаў беларусам»

Матэрыял да фільму здымаўся незадоўга да таго, як пайшоў з жыцця Сакрат Яновіч. Аснову стужкі склала серыя інтэрв’ю з пісьменнікам, знятая цягам колькіх дзён – у розных умовах і пры розным настроі. Для візуальнай разнастайнасці размовы запісваліся ў гародзе пісьменніка, у ягонай майстэрні, а таксама на кухні – гэтым сэрцы дому інтэлектуала. Адная з галоўных тэмаў – пошукі сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў