«Мікола Статкевіч слаба верыць у вызваленне да выбараў»


З якімі думкамі Мікола Статкевіч сустракае свой дзень народзінаў? Belsat.eu пагаварыў з жонкай палітзняволенага Марынай Адамовіч.

12 жніўня Міколу Статкевічу спаўняецца 59 гадоў. На жаль, святкаваць гэтую падзею ён будзе за кратамі. У канцы траўня 2011 года кандыдат на прэзідэнцтва падчас мінулых выбараў быў асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Цяпер ён знаходзіцца ў «крытай» турме N4 Магілёва.

Учора Міколу Статкевіча наведаў адвакат, з якім пасля пагаварыла жонка палітзняволенага Марына Адамовіч.

«Мяне крышку напружвае, што Мікола сказаў, што пакуль атрымаў толькі адно віншаванне. Думаю, што зараз гэта прыкладна так жа, як і было раней, калі ён пісаў, што рэзка абмяжоўваюць любыя камунікацыі: выхады да святара, тэлефанаванні – той мізер, які ў яго быў», – распавядае Belsat.eu Марына Адамовіч.

Кажа, што апошнім часам яе турбавала, як Мікола Статкевіч пераносіць спёку. Але нібыта адміністрацыя турмы зрабіла палёгку для зняволеных, дазволіўшы больш лёгкую форму вопраткі, што радуе жанчыну.

Пракаментаваў Мікола Статкевіч і апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра магчымае вызваленне.

«Ён сказаў, што гэты выступ нагадвае аб’яву ў газеце «Из рук в руки» са словамі «гандаль магчымы» у канцы. Сказаў, што вельмі слаба верыцца ў паспяховасць гэтай акцыі, як ён выразіўся, «па ажыўленні гандлю». І тым больш у вызваленне да выбараў. У любым выпадку Мікола нагадвае пра сваю пазіцыю, што нельга выкупляць закладнікаў, таму што гэта прывядзе да з’яўлення новых закладнікаў», – працягвае Марына Адамовіч.

Мікола Статкевіч таксама нагадаў краінам Еўразвязу пра ўмовы нармалізацыі адносінаў з Беларуссю, якія былі імі (краінамі ЕЗ – рэд.) выпрацаваныя ўвосень 2011 года. Тады гаварылася, што ЕЗ не здыме санкцыі з Беларусі, пакуль у краіне будуць палітычныя зняволеныя.

Павіншаваць Міколу Статкевіча можна па адрасе 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, СТ-4.

Прапануем вашай увазе фільм пра гэтага мужнага чалавека, а таксама ролік «Белсату» пра палітвязняў.



НМ, belsat.eu

Стужка навінаў