Сёння Дзень нараджэння Васіля Быкава + дакументальныя фільмы

video

Прамаўляе Васіль Быкаў. Фота belarusianheroes.com

Народнаму пісьменніку Беларусі, які праславіў нашую краіну ва ўсім свеце, сёлета магло б споўніцца 92 гады.

Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёну Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыўшы восем класаў вясковай школы, год адвучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскай мастацкай вучэльні, якое вымушаны быў пакінуць праз адмену стыпендыяў. У чэрвені 1941-га экстэрнам здаў экзамены за 10 клас сярэдняй школы.

Вайна заспела Быкава ва Украіне, дзе ён браў удзел у абаронных работах. Падчас адступлення, у Белгарадзе, адстаў ад сваёй калоны, і яго арыштавалі ды ледзь не расстралялі як нямецкага шпіёна. Ваяваў у складзе армейскага інжынернага батальёну. Узімку 1941–1942 гадоў жыў на станцыі Салтыкоўка і ў горадзе Аткарск Саратаўскай вобласці, вучыўся ў чыгуначнай школе.

Пасля дэмабілізацыі з 1947 года жыў у Горадні. Тады ж пачаў друкавацца. З 1955 да 1972 працаваў у газеце «Гарадзенская праўда». З 1959 года – чалец Саюзу пісьменнікаў СССР. У 1972–1978 гадах – сакратар Гарадзенскага аддзялення Саюзу пісьменнікаў БССР.

У 1978 пераехаў у Менск. У перыяд з 1978 да 1989 гады абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР.

У 1988 годзе стаў адным з заснавальнікаў БНФ. У 1989 годзе Быкава абралі дэпутатам з’езду народных дэпутатаў СССР, прэзідэнтам беларускага ПЭН-цэнтру. У 1990–1993 гадах – прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Вядомасць Васілю Быкаву прынесла аповесць «Трэцяя ракета» (1962). У 1960-я гады таксама апублікавалі сусветна вядомыя аповесці «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць», у 70-я – «Сотнікаў», «Абеліск», «Дажыць да світання», «Пайсці і не вярнуцца». Большасць сваіх твораў Быкаў пісаў па-беларуску, шмат якія з іх сам перакладаў на расейскую. Ягоныя літаратурныя працы пераклалі шмат на якія мовы свету.

Народны пісьменнік Беларусі, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага фронту, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, памёр 22 чэрвеня 2003 года а 20:15 у рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнай клінікі ў Бараўлянах, праз тры дні пасля таго, як яму споўнілася 79 гадоў.

Апошнія гады жыцця пісьменнік правёў у вымушанай эміграцыі. Прычыны, з якіх ён пакінуў Беларусь, чаму ён не мог вярнуцца ды пры якіх акалічнасцях вярнуўся на Радзіму за некалькі дзён да сваёй смерці, – у стужцы «Белсату» «Васіль Быкаў. Апошнія дні». Фільм, які складаецца з 2-х частак, знялі Галіна і Сяргей Навумчыкі.

Асноўным матывам фільму Віктара Корзуна «Васіль Быкаў. Вяртанне» ёсць інтэрвʼю з пісьменнікам, запісанае ў 1996 годзе перад ягонай вымушанай эміграцыяй. У відэашэрагу ёсць кадры з пахавання славутага пісьменніка, якое пераўтварылася ў вялікую патрыятычную маніфестацыю. На фоне натоўпу людзей, якія любілі Быкава і лічылі яго сумленнем нацыі, гучаць словы пісьменніка пра свабоду і неабходнасць барацьбы за яе.

У фільм «Распавяду вам пра вайну» Сяргея Ісакава ўвайшлі ўнікальныя запісы гутаркі Алеся Адамовіча з Васілём Быкавым – першых велічыняў беларускай літаратуры. Як вядома, Быкаў быў чалавек непублічны, некаторыя нават назвалі яго «герметычным»: ён вельмі рэдка даваў інтэрвю, не любіў казаць пра сябе. Аднак Адамовіч быў ягоным блізкім сябрам, якому класік не мог адмовіць у больш разгорнутых і – наколькі гэта магло быць – шчырых адказах. Алесь Адамовіч – сам таленавіты пісьменнік, знаны даследнік, аўтар кніг-інтэрвю, доктар філалагічных навук, – меўся напісаць кнігу і пра свайго знакамітага сябра і паплечніка. Ён прайшоў той жа шлях, што і Быкаў, толькі вайну сустрэў у трохі маладзейшым веку – у 16 гадоў. І як Быкава, яго пераследавалі за самастойныя ацэнкі нямецка-савецкае вайны, якія разыходзіліся з канцэпцыямі афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі. Не дзіва, што суразмоўцы разумелі адзін аднаго з паўслова…

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары