Сёння Беларусь наведае Рамзан Кадыраў


Візіт Рамзана Кадырава ў Беларусь запланаваны на 25-26 верасня.

У часе знаходжання ў Менску Лукашэнка і Кадыраў маюць пагаварыць пра паглыбленне прамысловай кааперацыі. У прыватнасці, нашая краіна гатовая значна павялічыць пастаўкі сельскагаспадарчай, грузавой і транспартнай тэхнікі ў каўказскую рэспубліку. А таксама прапанаваць сваіх спецыялістаў для праектавання новых аб’ектаў у Чачэніі і працы на іх.

Кіраўнік Чачэніі і цар «Інстаграма» жорсткі, адыёзны і багаты. Яго называюць чачэнскім дыктатарам, абвінавачваюць у карупцыі, масавых парушэннях правоў чалавека ды забойствах палітычных апанентаў. Ён, як і Лукашэнка, знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі, а таксама лічыць сябе «бацькам» народу. Разам з тым Кадыраў вельмі рэлігіёзны. Ён адкрыта заяўляў, што шарыят для яго важней законаў Расеі.

Расейскі палітычны дзеяч Ілья Яшын аднойчы сказаў, што «Кадыраў вышэй расейскіх законаў, бо любая спроба ссунуць яго ці аддаць пад суд можа справакаваць новую вайну ў Чачэніі. Падобная перспектыва Пуціна відавочна палохае, таму праблему Кадырава ён вырашыць не ў стане».

У ліпені розгалас атрымала справа справа аб катаваннях і забойствах геяў.  Рамзан Кадыраў, якога журналіст Дэвід Скот з каналу HBO падчас інтэрв’ю спытаў пра выпадкі пераследу гомасексуалістаў, заявіў, што ў рэспубліцы няма геяў, а тыя, хто так кажа, проста выдумваюць.

Рамзан Кадыраў пераняў кіраванне пасля смерці свайго бацькі – Ахмада Кадырава, былога баевіка-сепаратыста, які перайшоў на бок Масквы (яго забілі ў 2004 годзе). Летась ён казаў, што хоча сысці ў адстаўку, аднак не зрабіў гэтага. 18 верасня 2016-га ў Чачэніі на выбарах кіраўніка рэгіёну за яго прагаласавалі 97,94 % выбарцаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў