БАТЭ ў кроку ад плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. Букмекеры далі прагноз на матч


Увечары барысаўцы згуляюць у Лізе чэмпіёнаў з азербайджанскім «Карабахам». Мацнейшая па выніках двух матчаў каманда выйдзе ў раўнд плей-оф, ад якога – адзін крок да прэстыжнай групавой стадыі турніру.

Гульня пройдзе на «Барысаў-Арэне» (пачатак – а 20:00). Гэта другі матч 3-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі Чэмпіёнаў. У першым БАТЭ перамог з лікам 1:0.

На ўчорашняй прэс-канферэнцыі галоўны трэнер барысаўскага клубу Аляксей Бага заявіў:

«Перавага ў адзін мяч па выніках першага паядынку – вельмі хісткая. Не сумняюся: заўтра будзе найцяжэйшы матч. Хаця, верагодна, невялікая перавага псіхалагічнага і стратэгічнага плана на нашым баку. Што, зрэшты, ні пра што не кажа».

У сваю чаргу галоўны трэнер «Карабаху» Гурбан Гурбанаў заўважыў:

«Мы і раней ведалі, што БАТЭ – вельмі добрая каманда. Першы матч у Баку атрымаўся вельмі складаным, а заўтрашні, як чакаецца, будзе яшчэ цяжэйшы. Як бы складана ні было, у нас няма іншага шляху. Пастараемся паказаць самае лепшае на полі».

Букмекеры аддаюць перавагу БАТЭ

Беларускія букмекерскія канторы не вераць, што азербайджанцы пройдуць па суме двух матчаў у раўнд плэй-оф. Каэфіцыент у «Maxline» на далейшы праход «Карабаху» – 3,91, на праход БАТЭ – 1,22. «Парыматч» прымае стаўкі на далейшы праход «Карабаху» з каэфіцыентам 4,40 і з каэфіцыентам 1,21 – на праход БАТЭ. У «Марафон Бет» можна зрабіць стаўкі з каэфіцыентам 1,23 на праход барысаўскага клубу і з каэфіцыентам 4,40 – на праход у далейшую стадыю чэмпіёна Азербайджану.

Факты пра «Карабах»

Браму «Карабаху» абараняе Ганэс Тор Гальдарсан, які выступае за зборную Ісландыі. На апошнім чэмпіянаце свету ён адбіў пенальці ў выкананні аргентынскай зоркі футболу Ліянэля Мэсі.

«Карабах» перамагае ў чэмпіянаце Азербайджану на працягу апошніх пяці гадоў. Летась азербайджанцы выйшлі ў групу Лігі чэмпіёнаў. Там яны двойчы згулялі ўнічыю з мадрыдскім «Атлетыка» (0:0, 1:1), саступілі рымскай «Роме» з мінімальным лікам (1:2, 0:1) і пацярпелі разгромныя паразы ад лонданскага «Чэлсі» (0:4, 0:6).

Афіцыйны ФК «Карабах» прадстаўляе горад Агдам, які ў 1993 годзе перайшоў пад кантроль непрызнанай Нагорна-карабахскай рэспублікі. Хатнія матчы клуб праводзіць у Баку.

НМ, belsat.eu, фотаздымак з сайту ФК БАТЭ

Стужка навінаў