У Менску адбудзецца вечарына памяці Леаніда Маракова


12 красавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча а 18-ай гадзіне адбудзецца вечарына памяці Леаніда Маракова, прымеркаваная да 60-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Леанід Маракоў (15 красавіка 1958, Менск – 17 снежня 2016) – беларускі пісьменнік, журналіст, гісторык, энцыклапедыст. З’яўляецца аўтарам унікальнага энцыклапедычнага даведніка ў 10 тамах «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794–1991», у якім прыводзяцца біяграфіі больш за 20 тыс. расстраляных або загінулых у сталінскіх канцлагерах дзеячаў беларускай культуры.

Пра імпрэзу памяці Леаніда Маракова паведаміла грамадская арганізацыя «Саюз беларускіх пісьменнікаў» (СБП).

Выданне «Людскіх справаў» пра Леаніда Маракова

Удзел у вечарыне возьмуць: старшыня СБП Барыс Пятровіч, літаратар Уладзімір Арлоў, паэт і журналіст Міхась Скобла, дырэктар БДАМЛіМ Ганна Запартыка, намеснік дырэктара Наталля Гардзіенка, паэт Віктар Шніп.

Адрас: Менск, вуліца М. Багдановіча, 7а

Уваход вольны.

НМ, belsat.eu, фотаздымак прэс-служба СБП

Стужка навінаў