Статкевіча перавядуць з калоніі ў турму


Адбылося выязное судовае паседжанне: палітвязень Мікалай Статкевіч будзе адбываць рэшту свайго тэрміна не ў калоніі, а ў турме, г.зн. у больш жорсткіх умовах.

«Суддзя Баранцава задаволіла хадайніцтва калоніі, каб перавесці Міколу ў турму, – распавяла »Белсату« жонка палітвязня Марына Адамовіч, якая прысутнічала на працэсе. – Адміністрацыя Шклоўскай калоніі настойвала, што Мікола з’яўляецца злосным парушальнікам рэжыму і не стаў на шлях выпраўлення. У мяне стойкае адчуванне дэжавю, бо сітуацыя вельмі нагадвае тую, што была ў канцы 2011-пачатку 2012 гг., бо ўсе спагнанні былі вынесеныя адміністрацыя практычна цягам аднаго тыдня».

У якой канкрэтна турме ейны муж будзе адбываць пакаранне, спадарыня Адамовіч пакуль не ведае.

«Адразу групу журналістаў і праваабаронцаў адагналі ад калоніі, але калі прыехалі прадстаўнікі ЕЗ на машынах з дыпламатычнымі нумарамі, дазволілі стаяць пад будынкам. Калі ў будынак калоніі ўвайшла Марына Адамовіч – зноў адагналі. Нас здымаюць не толькі камеры вонкавага назірання, але і супрацоўнікі калоніі», – паведамляе карэспандэнт «Белсату».

Пра тое, што на суд не дапусцілі журналістаў і праваабаронцаў, паведаміў у сваім “Facebook’у” праваабаронца Алесь Бяляцкі.

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Былога кандыдата ў прэзідэнты вінавацяць у парушэнні правілаў унутранага распарадку і непадпарадкаванні патрабаванням кіраўніцтва калоніі.

Суд адбыўся на тэрыторыі калоніі.

У лісце жонцы Марыне Адамовіч палітзняволены пісаў, што знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу.

Напярэдадні адвакат азнаёміўся з крымінальнай справай, якая заведзеная супраць Мікалая Статкевіча, паведамляе «Радыё Свабода».

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года суд прызнаў Міколу Статкевічу вінаватым у арганізацыі вулічных беспарадкаў і прысудзіў да 6 гадоў зняволення. Мікалай Статкевіч не прызнаў сябе вінаватым і адмовіўся пісаць прашэнне на імя Аляксандры Лукашэнкі аб памілаванні, нагадвае сайт ПЦ «Вясна». Статкевіч адбываў пакаранне ў Шклоўскай калоніі, пасля рашэннем суда ад 12 студзеня 2012 года ўмовы адбывання пакарання былі змененыя на больш жорсткія, яго перавялі з калоніі №17, што ў Шклове, у турму №4 г. Магілёве.

12 студзеня 2015 года Міколу Статкевіча этапавалі для далейшага адбывання пакарання ў Шклоўскую папраўчую калонію №17.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў