Сёння – 27-я гадавіна аднаўлення незалежнасці Беларусі


Для беларусаў гэта другая па важнасці дата пасля 25 сакавіка 1918 года.

27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Яна абвясціла поўны дзяржаўны суверэнітэт БССР як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў і незалежнасць вонкавых стасункаў.

25 жніўня 1991 года Дэкларацыя атрымала статус асноўнага закону, і была ім да прыняцця ў 1994-м беларускай Канстытуцыі.

На думку грамадскага дзеяча Вінцука Вячоркі, дата 27 ліпеня – прамежкавы этап вяртання незалежнасц, вяртання да ідэалаў БНР.

«Калі б у Беларусі функцыянавала нацыянальная сістэма адукацыі, культываваліся б пачаткі адноўленай дзяржаўнасці, то кожны б ведаў гэты ланцужок: 25 сакавіка 1918 года, 27 ліпеня 1990 і ўрэшце 25 жніўня 1991 года, калі пастановы аб суверэнітэце 1990 года набылі статус канстытуцыйнага закону», – лічыць Вячорка.

«Зменіцца ўлада – зменіцца і дата, 27 ліпеня зойме сваё законнае месца ў календары», – заявіў «Белсату» дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Мечыслаў Грыб.

З 1991-га да 1996-га галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці – адзначалася менавіта 27 ліпеня. На лістападаўскім рэферэндуме больш за 88 % выбарцаў выказаліся за перанос Дня незалежнасці Беларусі на 3 ліпеня – дзень вызвалення Менску ад немцаў падчас Другой сусветнай вайны.

З нагоды 27-х угодак аднаўлення беларускага суверэнітэту «Белсат» сёння а 17:05 пакажа дакументальны фільм «Народны альбом». Ненаўмысны шэдэўр».

А 22:10 у эфіры ды онлайн мы пакажам фільм-канцэрт «Народны альбом». 20 гадоў» з Веранікаю Кругловай, Касяю Камоцкай, Змітром Вайцюшкевічам, Пітам Паўлавым, Лявонам Вольскім, Міхалам Анемпадыставым і шмат кім яшчэ.

ДД

Глядзі таксама
Каментары