Сёлета ў Нямеччыне адбылася рэкордная колькасць страйкаў


Нямецкія працаўнікі ў гэтым годзе прысвяцілі забастоўкам у два разы больш часу, чым за ўвесь мінулы год.

У суме нямецкія працаўнікі з пачатку года прысвяцілі пратэстам 350 тысячаў працоўных дзён, у той час як за ўвесь мінулы год – 150 тысячаў. Лічбы агучыў у інтэрв’ю Rheinische Post доктар Гаген Леш, які зрабіў адпаведныя падлікі для Нямецкага Эканамічнага Інстытута ў Кёльне.

«2015 год павінен стаць рэкордным у плане страйкаў, дагэтуль рэкордным быў 2006-ы», – заявіў Гаген Леш, спасылаючыся на страйкі пілотаў, машыністаў, супрацоўнікаў пошты, дзіцячых педагогаў, а таксама працаўнікоў металаапрацоўчай галіны і электроннай прамысловасці.

Напрыклад, у нядзелю скончыўся 138-гадзінны страйк чыгуначнікаў, ужо восьмы за апошнія дзесяць месяцаў. Працаўнікі патрабуюць павышэння заробкаў на 5 %. Для чыгуначнага аператара Deutsche Bahn такая акцыя можа каштаваць 750 млн еўраў.

Заклікі ў сераду супрацоўнікаў пошты не спыняць забастоўку працягнулі серыю страйкаў па краіне. У мінулую пятніцу на працу не выйшлі працаўнікі дзіцячых садкоў у некаторых рэгіёнах. Таксама не працавалі фінансавыя кур’еры мясцовых кампаніяў каля Берліну. Яны адмовіліся папоўніць банкаматы грашыма ў сталіцы і вакол яе, тым самым перашкодзіўшы мясцовых жыхарам напоўніць свае гаманцы.

НМ, belsat.eu, паводле DW

Стужка навінаў