Сястры Міхаіла Жызнеўскага не працягваюць кантракт на працы


 

Наталля Жызнеўская працуе на гомельскім мясакамбінаце. Жанчыне не патлумачылі прычынаў, чаму не хочуць працягваць кантракт, паведамляе БелаПАН.

Наталля прапрацавала на мясакамбінаце больш за пяць гадоў, на апошняй пасадзе – рабочай у каўбасным цэху – яна працавала каля двух гадоў. Кантакт заканчваецца 12 чэрвеня. Паводле Жызнеўскай, да яе ніколі не было прэтэнзіяў і заўваг па працы.

«У цэху ўсе ведалі, што мой брат загінуў на Майдане, казалі мне ў твар, што я сястра бандыта. А асабліва пачалі зайздросціць, калі прачыталі ў інтэрнэце, што бацькі будуць атрымліваць пажыццёвую стыпендыю за смерць Мішы. Мне не давалі праходу, асабліва кіраўніцтва, дакаралі і за Мішу, і за стыпендыю бацькам. Цяпер пакідаюць мяне без сродкаў да існавання», – адзначыла Жызнеўскі.

Начальнік аддзелу кадраў мясакамбіната Алена Бліннікава запэўніла БелаПАН, што ў рашэнні не працягваць кантракт Жызнеўскай «няма ніякай палітыкі», а звязана яно з прэтэнзіямі кіраўніцтва каўбаснага цэха да якасці ейнай працы.

«Перш чым не працягнуць кантракт, наймальнік пытаецца непасрэднага кіраўніка, а ў начальніка цэха ёсць заўвагі да яе па працы. Да таго ж наймальнік не абавязаны тлумачыць, чаму не працягвае кантракт. У нас паўтары тысячы чалавек, і з кантрактамі праца ідзе штодня, камусьці падаўжаюць, камусьці не – звычайны працэс. Я нават сумняюся, што дырэктар ведае яе ў твар, – абсалютна ніякага прадузятага стаўлення няма. А пра яе брата я наагул першы раз чую. З нагоды гібелі ейнага брата, можа, і былі чуткі на прадпрыемстве, але нідзе гэта не афішавалася. Калі нават спытаць у цэху, дзе яна працуе, можа, ніхто і не ведае, што ў яе там брат загінуў. Гэта не палітыка сто адсоткаў. Гэта проста рабочы чалавек, які павінен прыйсці а 8 гадзіне і, не адцягваючыся, рабіць сваю працу», – патлумачыла Бліннікава.

Наталля Жызнеўская мае намер аспрэчыць сваё звальненне.

25-гадовы беларус Міхаіл Жызнеўскі загінуў 22 студзеня 2014 года ў выніку сутыкненняў з праваахоўнікамі на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. Яго забілі стрэлам у сэрца. Герой Нябеснай сотні пахаваны 28 студзеня на могілках у вёсцы Сцяг Працы (Абрэзы), што на Гомельшчыне.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў