Сястру Надзеі Саўчанкі ўпусцілі ў Расею насуперак забароне


Па словах адвакатаў Надзеі Саўчанкі, родную сястру ўкраінскай лётчыцы ўпусцілі ў Расею нягледзячы на ​​тое, што раней расейскія памежнікі папярэдзілі, што ўезд у Расейскай Федэрацыю для яе забаронены да 2020 года. Сястра лётчыцы – адзіная сведка абароны ў судовым працэсе Надзеі Саўчанкі.

Веру Саўчанку выклікалі на судовы працэс, які праходзіць у расейскім Данецку ў Растоўскай вобласці, у якасці адзінай сведкі абароны, падае Бі-Бі-Сі.

Адвакат Надзеі Саўчанкі Ілля Новікаў напісаў у панядзелак у «Тўітэры», што Вера Саўчанка прыляцела ў пецярбургскі аэрапорт «Пулково», і спачатку памежнікі не прапусцілі яе. Аднак праз гадзіну ёй, па дадзеных Новікава, вярнулі пашпарт і дазволілі прайсці памежны кантроль.

Іншы абаронца Саўчанка, Марк Фейгін, назваў допуск Веры ў краіну «безумоўным прыкладам сілы публічнасці».

13 кастрычніка Вера Саўчанка паспрабавала заехаць у РФ да сястры. Аднак на прапускным пункце Чаркова-Мелавое на мяжы Расеі і Украіны ёй зрабіць гэтага не далі. Са слоў Саўчанкі, памежнікі паведамілі ёй аб забароне на ўезд у краіну да 2020 года. Нібыта на гэтым настойвалі прадстаўнікі ФСБ.

Надзею Саўчанку судзяць па абвінавачванні ў забойстве расейскіх журналістаў, якія загінулі пад мінамётным абстрэлам у раёне Луганску. Па версіі абвінавачвання, знаходзячыся на тэрыторыі, кантраляванай луганскімі сепаратыстамі летам 2014-га года, яна была наводчыцай украінскай артылерыі.

У момант затрымання Надзеі Саўчанкі ейная сястра знаходзілася ў тым жа раёне і магла б расказаць суду пра абставіны справы.

Надзея Саўчанка адмаўляе ўсе абвінавачванні, якія прадяўляюцца расейскім следствам на яе адрас, настойваючы, што сепаратысты затрымалі яе яшчэ перад гібеллю расейскіх журналістаў.

МЯ, паводле bbc.com

Глядзі таксама
Каментары