Сястру Міхаіла Жызнеўскага аднавілі на працы, але з выпрабавальным тэрмінам


Наталля Жызнеўская працавала на гомельскім мясакамбінаце. Яшчэ ў траўні жанчыне паведамілі, што ад 12 чэрвеня зрываюць з ёй кантракт, не патлумачыўшы прычынаў. Цяпер стала вядома, што жанчыну аднавілі на працы, але з выпрабавальным тэрмінам.

Сястра героя Нябеснай сотні вучыцца завочна на біялагічным факультэце ГДУ імя Францішка Скарыны.

Як распавяла Наталля ў каментары «Свабодзе», яе выклікалі на камбінат і запрапанавалі напісаць заяву на працяг працоўнага кантракту на шэсць месяцаў з выпрабавальным тэрмінам.

«Новы намеснік дырэктара даведаўся выпадкова праз СМІ пра маё звальненне і пад сваю адказнасць упрасіў дырэктара Мікалая Буйневіча працягнуць мне на шэсць месяцаў кантракт з выпрабавальным тэрмінам. Дзіўна чуць пра «выпрабавальны тэрмін», бо на камбінаце працую ўжо пяць гадоў. Канешне, я напісала заяву. Думаю, што мне працягнулі кантракт на паўгода, каб крыху ўляглася шуміха».

Ніякіх адміністрацыйных спагнанняў ці штрафаў дзяўчына не мела. Праблемы з кантрактам яна звязвае з асабістай непрыяззю новай начальніцы каўбаснага цэху Ірыны Шаўчэнка. 19 чэрвеня Наталля зноў выйдзе на працу.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары