Сястра Васіля Быкава пасля нападу застаецца ў рэанімацыі – стан цяжкі


Валянціна Быкава. Фота svaboda.org

На 90-гадовую Валянціну Быкаву здзейснілі напад. З хаты нічога не знікла, але жанчына трапіла ў рэанімацыю.

Пра напад на сястру беларускага пісьменніка, якая жыве ў вёсцы Ваўчо Ушацкага раёну паведаміў у сваім «Фэйсбуку» журналіст Глеб Лабадзенка.

«Патэлефанавала яе суседка, распавяла жах, у які цяжка паверыць. Учора зранку Валянціна Уладзіміраўна пачула нейкі шум у бакоўцы, выйшла паглядзець, у гэты момант атрымала моцны ўдар. Стала крычаць, нападнік стаў заціскаць ёй рот. У выніку зламаў некалькі рабрынаў і руку. Яна здолела выклікаць хуткую, цяпер яна ў рэанімацыі Ушацкай лякарні. У яе ўжо былі следчыя, міліцыя і кіраўніцтва райвыканкаму. Удар быў ззаду, таму яна не пабачыла і не запомніла нападніка. Як сказала суседка, з хаты нічога не прапала – нападніка нешта спужала і ён уцёк. Іншых падрабязнасцяў суседка не паведаміла. Заўтра яна ідзе праведваць Валянціну Уладзіміраўну, тады занясе ёй тэлефон і будзе магчымасць з ёй пагутарыць», – паведаміў журналіст.

Сёння раніцай Глеб Лабадзенка пазваніў ва Ушацкую лякарню. «Інфармацыю даваць адмовіліся, сказалі толькі, што стан Валянціны Быкавай цяжкі. Падрабязней – толькі асабіста і толькі блізкім сваякам. Перадачы, сказалі, ніякія не трэба, маўляў, усё ёсць. Бяда ў тым, што найбліжэйшыя сваякі Валянціны Уладзіміраўны – гэта два пляменнікі (дзеці Васіля Быкава), адзін жыве ў Горадні, другі ў Менску…», – напісаў Глеб Лабадзенка.

У ліпені спадарыні Валянціне споўніцца 90 гадоў.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары