Сярод затрыманых па справе «Белага легіёну» апынуўся былы «каліновец»


Яўген Палтаржыцкі цяпер можа знаходзіцца ў СІЗА КДБ або ў СІЗА на Валадарскага.

Скрыншот з «Facebookʼу» Яўгена Палтаржыцкага

Хлопец зʼявіўся ў відэасюжэце пра арганізацыю «Белы легіён».

«Паступіла паведамленне, што 25 сакавіка на калону дэманстрантаў будзе здзейсненая атака прарасейскімі сіламі, якія могуць пакалечыць людзей. Нам сказалі, каб мы былі на пагатове. На ўсялякі выпадак. Каб можна было аказаць супраціў», – кажа ў відэасюжёце СТВ гісторык і былы стыпендыят праграмы ім. Каліноўскага Яўген Палтаржыцкі.

У матэрыяле гаворыцца, што хлопец паказаў праваахоўнікам «схрон» з боепрыпасамі. Сам Палтаржыцкі ў сюжёце пра боепрыпасы нічога не сказаў.

Палтаржыцкі нарадзіўся ў Паставах.

Па справе «Белага легіёну» затрымалі 26 асобаў.

КДБ распачаў крымінальную справу па факце падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч.3 арт.293 КК РБ).

Нагадаем, што 21 сакавіка праваахоўнікі затрымалі Алеся Яўдаху і аднаго з экс-лідараў «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага. Акрываўленага Лазоўскага прывезлі дадому людзі ў масках для здзяйснення вобшуку, паведаміла крыніца Belsat.eu. Цяпер, імаверна, ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.

Першымі затрымалі колішніх чальцоў «Белага легіёну». Цяпер да спісу дадаліся прадстаўнікі «Маладога фронту»: Зміцер Дашкевіч, Раман Васільеў, Уладзімір Яроменак, Зміцер Крамянецкі. Спіс увесь час абнаўляе праваабарончы цэнтр Вясна.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары