Сяргей Пятрухін: «Народ – страшная сіла»


Аўтар відэаблогу «Народны рэпартэр» (а ад нядаўна – і наш калега) каментуе рашэнне суда, паводле якога яму далі 15 содняў арышту.

Сяргей, як вы пракаментуеце рашэнне суда пакараць вас соднямі і калі збіраецеся ў турму?

У снежні я пачаў супрацу з «Белсатам», і цяпер часова пераехаў у варшаўскі офіс «Белсату» – лепш я буду ўдзельнічаць у падзеях як журналіст, і каментаваць бягучыя падзеі адсюль, чым мяне накаўтуюць на гэтыя содні. Адслужу як трэба – і вярнуся.

Кіраўнік краіны і ягоныя прыспешнікі пакуль не чапаюць простых людзей – яны б’юць па журналістах, бо менавіта яны паказваюць людзям, што адбываецца. Улады мяркуюць, што іх трэба закрыць, каб нікога не было, каб хваля пратэсту пайшла ўніз.

Філіповіч – не журналіст, але яго таксама затрымалі, прычым з удзелам спецназу.

Філіповіч – актывіст. Цяпер лідары пратэсту з’яўляюцца не з апазіцыі – гэта проста людзі. І для ўлады яны небяспечныя. Філіповіч – гэта проста былы рабочы, але ягоныя паводзіны выклікаюць ува ўладаў перасцярогу: ён кажа простай мовай, людзі яго слухаюць і кажуць, што ён добра выступае. Яны бачаць, што ён з імі на адной хвалі.

Ці прыйдзе такі момант, калі ўладам прыйдзецца прыціснуць кожнага?

Мяркую, такі момант не надыдзе. Сітуацыя, канешне, выбуховая, але калі ён закране просты народ, які прыходзіць на акцыі пратэсту (а туды прыходзяць пераважны простыя людзі) ды пачне іх ціснуць сваймі ціхушнікамі і АМАПам, гэта выкліча яшчэ большую хвалю пратэсту, сапраўдную буру. Народ – страшная сіла.

Хаця Лукашэнка прыпыніў дзеянне дэкрэту, працэсы ўжо пайшлі: людзі чакаюць новых выбараў, каб усё было паводле Канстытуцыі.

Колькі ён ужо кіруе? Гэта проста нецікава.

Мяркуеце, Лукашэнка пагодзіцца на новыя выбары?

Мяркую, што не. Напэўна адменяць дэкрэт. Майдану не будзе: людзі бачаць, што адбываецца ўва Украіне. Але людзі ўжо адчулі сваю моц, і пасля прыпынення дэкрэту, натхнёныя сваёй перамогай, будуць дамагацца адмены, напрыклад, павышэння пенсійнага ўзросту і г. д.

У сённяшнім складаным эканамічным становішчы ўраду трэба сесці за адзін стол з апазіцыяй, з нейкай альтэрнатывай, каб абмеркаваць сітуацыю і нешта рабіць. Улады дайшлі да дна, яны імпатэнты.

Размаўляў Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў