Сяргей Новікаў пра канфлікт зборнай па гандболе і клубу БГК: Гэта прыступ калектыўнай безадказнасці


Перад стартам мужчынскай нацыянальнай зборнай Беларусі па гандболе ў другім кваліфікацыйным турніры да чэмпіянату Еўропы-2018 паміж кіраўніцтвам зборнай і штабам лідара беларускага гандбола на клубным узроўні – дружынаю БГК, узнік канфлікт, які выйшаў на шырокае абмеркаванне.

24 кастрычніка на афіцыйным сайце Берасцейскага гандбольнага клубу імя Мяшкова зʼявіўся даволі абʼёмны тэкст пад назваю «Пазіцыя клубу пра накіраванне гульцоў у нацыянальную зборную Беларусі». Там, у прыватнасці, нагадваецца, што шматгадоваю практыкай кіраўніцтва Беларускай федэрацыі гандболу і трэнерскага штабу нацыянальнай зборнай зʼяўляецца патрабаванне аб скіраванні гульцоў БГК на зборы нацыянальнай дружыны значна раней тэрмінаў, абумоўленых у календары Міжнароднай федэрацыі гандбола. І гэта парадзіла цэлы шэраг рознагалоссяў і, нават, спрэчак.

Дарма, што гэты запыт паступіў у клуб яшчэ 10 кастрычніка. Але сем гульцоў клубу, кандыдатаў у нацыянальную дружыну, выклікалі ў Менск на цэлы тыдзень раней за афіцыйна прызначаныя ЕГФ тэрміны. Акурат у гэты тэрмін берасцейцам трэба было гуляць два хатнія матчы Лігі Усходне-Еўрапейскай асацыяцыі, якая не мае афіцыйнага статусу. Дадатковых каментароў клуб не даваў, палічыўшы немэтазгодным гэта рабіць трэнерам і гульцам БГК.

Беларуская федэрацыя гандбола падкрэсліла ўласнае права ў аднабаковым парадку вызначаць тэрміны выкліку спартоўцаў у нацыянальную каманду. Але клуб звярнуўся ў еўрапейскую гандбольную федэрацыю, дзе пацвердзілі яго правату і афіцыйны статус SEHA Gazprom League. БГК паспрабаваў выпрацаваць кампраміснае рашэнне, але кіраўніцтва зборнай адхіліла ўсе варыянты. Але гандбалісты прыехалі ў нацыянальную каманду на содні раней.

«Сёння ў нас сабраліся ўжо ўсе гульцы, якіх мы выклікалі, на якіх мы спадзяемся. У нас ёсць траўмаваныя. Бабічаў пад пытаннем, Карвацкі пад пытаннем, ці будуць яны прымаць удзел у гульні. Мне прыйшлося ў сувязі з сітуацыяй, што склалася, перайсці на малыя групы. Працавалі ў малых групах і імкнуліся з гэтай сітуацыі зрабіць аптымальны варыянт, што мы можам зрабіць. Тое, што планавалі напачатку, у нас не атрымалася, таму імкнуліся зрабіць усё магчымае, каб падыйсці ў больш-менш аптымальнай форме да гэтай гульні», – заўважыў галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў.

У гэтым годзе Беларусь мае гуляць у кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы двойчы, і абодва разы на тыдні, што наступіў. 2 лістапада прымаем, бадай, найслабейшую ў нашым адборачным квартэце – Румынію, 6-га лістапада на выездзе матч супраць віцэ-чэмпіёнаў Еўропы-2012 года – Сербіі. Але сустрэча з галоўным канкурэнтам у падгрупе 2 – дружынаю Польшчы – адбудзецца толькі на пачатку траўня 2017-га, калі пройдзе амаль месяц пасля нават «Фіналу чатырох» СЭГА-Лігі, які, імаверна, БГК прыме і ў сябе.

За ўсе гады свайго існавання Беларусь выхавала толькі аднаго аўтарытэтнага гандбольнага журналіста і тэлекаментатара. Сяргей Новікаў згадзіўся пракаментаваць для «Белсату» сваё бачанне таго, што адбылося, у якасці эксперта.

«Тэма, пра якую непрыемна гаварыць, якая, на жаль, не перастае быць актуальнай. Калі казаць пра тое коратка, тое, што здарылася, я б назваў гэта прыступам калектыўнай безадказнасці. Гэта гісторыя, у якой вінаватыя ўсе, кожны прайшоў сваю частку шляху да гэтага канфлікту. Кожны ў ім паўдзельнічаў. Я, маючы магчымасць унікнуць у пазіцыю кожнага боку, выслухаўшы кожны бок, застаўшыся пры гэтым у добрых адносінах з усімі, магу зрабіць выснову, што нямногія і хацелі таго, каб гэтай сітуацыі пазбегнуць. І самае для мяне сумнае, што з чалавекам, які ў той момант, калі канфлікт набыў ужо такую ўласцівасць невырашальнасці, адзіным чалавекам, які да канца імкнуўся ў той сітуацыі, што склалася, неяк прасунуць, спрасціць гэтае становішча, гэта быў чалавек – не беларус. Гэта быў галоўны трэнер БГК Сяргей Бябешка, які прапанаваў кампраміснае рашэнне, якое, на мой погляд, у тым становішчы, што склалася, многія праблемы вырашала. Яго не пачулі, і цяпер мне асабліва дзіўна бачыць, што яго імкнуцца зрабіць яшчэ і галоўны «казлом адпушчэння», учыняючы ў беларускай прэсе тое, што можна назваць не надта добрым у гучанні паляўнічым тэрмінам «гон». Мне, як беларускаму журналісту, гэта балюча. Мне за гэтае нават крыху сорамна і мне важна, каб усе пра гэта ведалі і чулі», – заўважыў Сяргей Новікаў.

НН, «Белсат»

Стужка навінаў