Сяргей Навумчык: Мы папярэджвалі, што інстытут прэзідэнцтва ва ўмовах нашага грамадства прывядзе да дыктатуры


Фота svaboda.org

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету, а цяпер супрацоўнік «Радыё Свабода» Сяргей Навумчык у інтэрвю для belsat.eu дзеліцца сваім бачаннем сітуацыі вакол рэферэндуму-96, а таксама кажа пра журналістыку і прапаганду ў Беларусі.

«Калі Лукашэнка выступаў на тэлебачанні перад рэферэндумам-96, у яго дрыжалі рукі – і было з-за чаго»

– Мечыслаў Грыб кажа, што Вярхоўны Савет юрыдычна не мог адмовіць Лукашэнку ў рэферэндуме, і не меў паўнамоцтваў, каб рэдагаваць пытанні. Потым былы дэпутат ВС Павел Знавец напісаў артыкул, дзе сказаў, што Грыб не мае рацыі: і ВС, і Канстытуцыйны суд маглі ўсё перадухіліць. Дзе тут праўда?

– Думаю, на Грыба ўплывае комплекс віны за рэферэндум 1995 года. Вясной 1995-га, калі Грыб быў старшынём ВС, ён казаў тое ж самае наконт прапановы Лукашэнкі правесці рэферэндум аб змене дзяржаўнай сімволікі, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, праве прэзідэнта распускаць парламент і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. У тых прапановах Лукашэнкі было наўпроставае парушэнне некаторых палажэнняў Канстытуцыі, аднак Мечыслаў Іванавіч казаў: мы ня маем права нічога мяняць у фармулёўцы пытанняў, павінны толькі прызначыць дату рэферэндуму.

Мушу нагадаць, што ў 1992 годзе нішто не перашкодзіла большасці дэпутатаў (у тым ліку і Грыбу) адмовіцца ад прызначэння рэферэндуму за датэрміновыя выбары, за які актывісты БНФ сабралі больш чым 440 тысяч подпісаў. Тады аргумент «Вярхоўны Савет мусіць толькі прызначыць дату» – яны не ўспрымалі. У 95-ым спатрэбілася галадоўка дэпутатаў, іх збіццё, каб рэферэндум у выніку быў нелегітымным. Між іншым, Грыб як старшыня ВС і пальцам не паварухнуў, каб прыцягнуць да адказнасці арганізатараў збіцця дэпутатаў.

Тут важна памятаць, што парламент – найвышэйшая галіна заканадаўчай улады. І калі кіраўнік адной галіны ўлады вынес сумнеўную прапанову – абавязкам іншай галіны ўлады было не дапусціць яе рэалізацыі. У прынцыпе, тады, увосень 96-га, дэпутаты ВС так і рабілі – былі сабраныя подпісы для імпічменту Лукашэнкі.

У лістападзе 96-га імпічмент Лукашэнкі быў цалкам рэальны – да гэтага часу за ім было збіццё дэпутатаў, «белыя плямы» у газетах, брутальны разгон «вясны-96». Нарэшце, Канстытуцыйны Суд прызнаў антызаконнымі цэлы стос ягоных указаў. Некалькі генералаў і палкоўнікаў заверылі, што падначаленыя іх падначаленыя здольныя арыштаваць Лукашэнку ў тым выпадку, калі будзе праведзеная ў адпаведнасці з законам працэдура імпічменту.

Фота 90s.by

Калі перад рэферэндумам Лукашэнка выступаў па тэлебачанні, усе заўважылі, што ў яго дрыжэлі рукі. І – было ад чаго.

«Фатальным для лёсу Беларусі было пагадненне з прыхільнікамі Крамля»

– Аднак тут абсалютна антыканстытуцыйна павёў сябе тагачасны кіраўнік Канстытуцыйнага суда Валер Ціхіня. Фатальным для лёсу Беларусі было «начное пагадненне» з удзелам пасланцоў Крамля і старшыні ВС Сямёна Шарэцкага. Кіраўнік жа КС па вызначэнню ня меў ніякага права падпісваць палітычныя пагадненні і раскрываць супрацоўнікам адміністрацыі прэзідэнта прозвішчы дэпутатаў, якія выказаліся за імпічмент (на іх пачаўся моцны ціск – аж да пагроз фізічнага знішчэння іх і іх блізкіх).

У лістападзе 1996-га Пазняк, які тады ўжо быў у эміграцыі, звяртаўся да Шарэцкага і падрабязна патлумачыў яму, што трэба рабіць, а што – ня трэба. Але Шарэцкаму здавалася, што Пазняк – «адыграная карта», а ён, Шарэцкі, «схапіў Бога за бараду». Шарэцкаму пазваніў Ельцын і загадаў «не чапаць Лукашэнку». Шарэцкі – павёўся. Скажу, што найбольшая палітычная і прававая адказнасць ляжыць на старшыні ВС Шарэцкім і старшыні КС Ціхіні. Каб ня іх памылкі – новы, 1997 год Аляксандр Лукашэнка сустракаў бы, у лепшым для яго выпадку, звычайным жыхаром вёскі Александрыя Шклоўскага раёну.

– Лукашэнка ў 1994 годзе казаў, што не збіраецца пашыраць паўнамоцтвы прэзідэнта, і ўсе паверылі. Потым ён вырашыў пашырыць – і ВС нічога не змог зрабіць. Ці няма тут слабасці, баязлівасці, ці гэта высакародная, сумленная барацьба, якая і патапіла ўсіх?

– «Усе» – гэта хто? Мы, 30 дэпутатаў Апазіцыі БНФ, у пачатку 94-га, калі прымалася Канстытуцыя, выступалі супраць увядзення пасады прэзідэнта і папярэджвалі, што ва ўмовах нашага грамадства гэта непазбежна прывядзе да дыктатуры. Нас падтрымлівалі тысячы актывістаў БНФ па ўсёй Беларусі, падтрымлівалі Быкаў, Барадулін, якія ўваходзілі ў Сойм БНФ. Так што – далёка ня «усе». Ну а чаму потым ВС нічога ня здолеў зрабіць? Таму што разуменне простых ісцін прыйшло да большасці дэпутатаў запозна. Праўда, слова «нічога» тут не зусім пасуе – пачынаючы з 1995 года, парламент блакаваў пэўныя «аўтарытарныя» законы Лукашэнкі.

Фота 90s.by

Разумею, што Вы маеце на ўвазе пад «высакароднай, чэснай барацьбой». Ты гуляеш у шахматы па правілах – а супернік цябе шахматнай дошкай па галаве. Я перакананы, што ўжо ў 1995 годзе Лукашэнку можна было адправіць у адстаўку – на падставе аднаго толькі збіцця дэпутатаў. Але для гэтага ў тых, хто займаў ключавыя пасады, павінна была быць палітычная воля. А яе ў іх – не было.

– Чаму сёння апазіцыя адмовілася ад барацьбы за Канстытуцыю-94 і нічога пра яе не кажа?

– Не, чаму ж. Практычна ўсе апазіцыйныя партыі лічаць неабходным вяртанне да нормаў, закладзеных у Канстытуцыі 1994 года, некаторыя прапануюць ісці яшчэ глыбей – скасаваць «прэзідэнцкі» раздзел. Іншая справа, што ў цяперашніх умовах, калі апазіцыя выціснутая на маргінэз, гэтыя заклікі не пачутыя грамадствам.

Стандарты журналістыкі ды беларуская рэчаіснасць

– Сёлета ў лютым на «Беларусь-1» у праграме «Форум» міністр інфармацыі Лідзія Ананіч сказала: «Інтэрнэт – магутная зброя, якая можа папаўняць веды нацыі, выхоўваць пакаленне, а можа заклікаць на плошчу і можа выхоўваць дэструктыўныя праявы ў грамадстве – заклікаць нашых дзяцей да суіцыду, вучыць іх табуяванай лексіцы». Чаму яны дазваляюць сабе цалкам канстытуцыйнае права прызыву людзей на плошчу ставіць у адзін шэраг з «дэструктыўнымі праявамі» і заклікамі да суіцыду?

– Вы зрабілі вельмі цікавае параўнанне, і яно адначасна можа быць адказам на пытанне. Жыццё чалавеку даецца Богам, таму ў хрысціянстве самазабойства – вялізны грэх. Цяперашнія чыноўнікі ўверавалі, што Лукашэнка, ягоная ўлада – такія ж «баганосныя», некранальныя, нейкая такая сакральная субстанцыя. А між тым, народ мае ня толькі права (і абавязак) рэгулярна мяняць уладу – але, як гэта было запісана яшчэ ў Дэкларацыі аб незалежнасці ЗША ў XVIII стагоддзі і пацверджана ў Дэкларацыі правоў чалавека – ён мае права на паўстанне супраць узурпацыі ўлады.

– Як Вы думаеце, ці прыйдзе ў Беларусі той час, калі ўсім гэтым людзям, якія цягам доўгіх гадоў рабілі прапаганду на тэлебачанні, прыйдзецца прасіць прабачэння?

– Усё будзе залежыць ад таго, ці хопіць у грамадства разумення, а ў палітыкаў – волі, пайсці да канца ў асэнсаванні мінуўшчыны. У Нямеччыне гэта зрабілі, і Марціну Адольфу Борману не прыходзіла ў галаву хваліцца ні сваім родным бацькам Марцінам Борманам, ні сваім хросным Адольфам Гітлерам – наадварот, як святар, ён увесь час казаў пра пакаянне. А ў Маскве палітолаг і дэпутат Дзярждумы Ніканаў абараняе крамлёўскую дактрыну, якая ўсё больш нагадвае дактрыну ягонага дзеда – Вячаслава Молатава, і – ні слова пакаяння ні за пакт Молатава-Рыбентропа, ні за мільёны расстраляных.

Тое ж і ў Беларусі: калі ня будзе палітычнай ацэнкі перыяду Лукашэнкі – прабачэнняў ня будзе таксама. І будзе заставацца верагоднасць вяртання да рэпрэсіяў, заціску свабоды слова, знявагі нацыянальных каштоўнасцяў.

Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў