Сяргей Міхалок стварае праект «Ляпіс-98»


Экс-лідар «Ляпісаў» будзе выконваць свой стары рэпертуар, ад якога ўжо аднойчы адрокся.

Упершыню пра магчымасць выканання старых «ляпісаўскіх гітоў» Сяргей Міхалок заявіў яшчэ 1 красавіка. Тады прадусар цяперашняга праекта музыкі (гурта «Brutto») Антон Азізбекян не пацвердзіў праўдзівасць заявы. Але 14 красавіка на акаўнце «Brutto» у Faceook зʼявілася паведамленне, у якім зноў гаворыцца пра вяртанне да старога рэпертуару:

«Чокнуты клоўн Міхалок з кампаніяй бывалых для Аматараў Прыўкраснага! Навошта слухаць кавэр, калі ёсць арыгінал? «Ляпіс-98» – гарантыя і прафесіяналізм».

Пры гэтым «Brutto» застаецца.

«Я магу быць сурʼёзным, дарослым, разважлівым, але цыркач і вулічны гаер жывуць унутры мяне», – адзначыў Сяргей Міхалок у афіцыйным чарце гурта на «Viber».

Былыя паплечнікі музыкі, якія заснавалі гурт «Trubetskoy» паставіліся да навіны з іроніяй.

«Якая нечаканая і актуальная ідэя! Упэўнены, што і ўвасабленьне будзе на такім жа дастойным узроўні. Цікава даведацца, хто з складу «Ляпіса Трубяцкога» ўзору 1998 году будзе браць у гэтым удзел? Ці гэта мюзыкл?», – зазначыў Яўген Калмыкоў, былы дырэктар і прадусар «Ляпіса Трубяцкога», а цяпер прадусар гурта «Trubetskoy».

Тым часам прадусар «Brutto» Антон Азізбекян агучыў склад новага гурта «Ляпіс-98». Апроч Сяргея Міхалка ў яго войдуць: Дзяніс Стурчанка (бас), Дзяніс Шураў (бубны), Павал Трацяк (гітара), Іван Галушка (трамбон), Уладзіслаў Сенькевіч (труба).

«Такім чынам – гэта ўсе музыкі Brutto. І ўсе гралі ў «Ляпісах», акром Трацяка ды і тое было такое, што Паша граў з «Ляпісамі». Таксама з праектам будуць працаваць гукарэжысёры Андрэй і Зьміцер Баброўка, якія таксама працавалі ў «Ляпісах»», – зазначыў Антон.

Першвы выхад «Ляпіс-98» на сцэну адбудзецца ўжо 21 красавіка ў Харкаве, у клубе «Корова». «Trubetskoy» жа дае акустычны канцэрт у Менску 16 красавіка ў клюбе Coyote.

НМ, belsat.eu, паводле Tuzin.fm

Глядзі таксама
Каментары