Сяргей Міхалок папрасіў ва Украіны права на сталае жыхарства


Лідар гурта «Brutto» Сяргей Міхалок і яго прадзюсар Антон Азізбякян звярнуліся да намесніка прэм’ер-міністра Украіны Вячаслава Кірыленкі з просьбаю дапамагчы атрымаць права на пастаяннае пражыванне ў Украіне.

Пра гэта парталу unn.com.ua паведамілі ў прэс-службе Міністэрства культуры Украіны.

Сяргей Міхалок патлумачыў, што падтрыманне ўдзельнікамі былога гурта «Ляпіс Трубяцкі» рэвалюцыйных падзей ва Украіне негатыўна і варожа ўспрымаецца ўладамі Беларусі і Расеі, якія ствараюць перашкоды для паўнавартаснага творчага працэсу. Таму лідар «Brutto» і ягоны прадзюсар, не адмаўляючыся ад беларускага грамадзянства, вырашылі атрымаць права на пастаяннае пражыванне ва Украіне. Сяргей Міхалок распавёў, што ў 2015 годзе ягоная група плануе два канцэртныя туры па Украіне, запіс новага альбому і кліпаў ва Украіне.

Вячаслаў Кірыленка звярнуўся з лістом да міністра ўнутраных спраў Украіны Арсэна Авакава з просьбай як мага хутчэй даць дазвол на пастаяннае пражыванне ва Украіне Сяргея Міхалка і Антона Азізбякяна.

У сярэдзіне 2000-х гадоў гурт «Ляпіс Трубяцкі», кіраўніком якога быў Сяргей Міхалок, пачаў выступаць з сурёзнымі тэкстамі, поўнымі сацыяльнай крытыкі. Як следства, у роднай Беларусі «Ляпіс Трубяцкі» трапіў у чорны спіс музыкаў, якія не маюць права выступаць на тэрыторыі краіны. У 2014 годзе канцэрты групы ў Расеі адмяняліся праз «антырасейскія выказванні». «Ляпіс Трубяцкі» з самага пачатку падтрымаў Майдан. Песня «Воіны святла» стала адным з неафіцыйных гімнаў супрацьстаяння за годнасць і вольнасць.

МЯ, belsat.eu, паводле unn.com.ua

Стужка навінаў