Сяргей Міхалок: Кіраўніцтва Менгарвыканкаму запрасіла мяне вярнуцца на Радзіму

video

Лідар гурта «Brutto» Сяргей Міхалок размясціў у сеціве відэазварот, у якім распавядае пра размову з чыноўнікамі наконт канцэрта ў Менску.

«Кіраўніцтва Менгарвыканкаму ўрачыста запрасіла, ветліва прыняло нашага прадзюсара Антона, – узрушана кажа Міхалок. – Яму паціснулі руку і сказалі, што ўжо даўно чакаюць гурт «Brutto» ў горадзе-героі Менску. Мяне, Зелю (актрыса Святлана Зелянкоўская, жонка Сяргея Міхалка, – рэд) і Макара (сын Святланы і Сяргея, – рэд) запрасілі вярнуцца на Радзіму і разам будаваць новую дэмакратычную еўрапейскую Беларусь. Мы прайшлі праверку ўсіх сілавых структур і ведамстваў, праверку тэкстаў і ідэалогій, і о цуд, да «Brutto» няма прэтэнзіяў, «Brutto» – чысты дыямент».

Тым не менш, Сяргей адзначае, што засталіся яшчэ людзі ў акулярах, якія не разумеюць, наколькі важна для сучаснай Беларусі правесці канцэрт яго гурта. Музыка прапануе ім не чакаць загадаў зверху і тэлефанаванняў кіраўніцтва, а проста паставіць свае рэзалюцыі і пячаткі на неабходных дакументах. Бо, маўляў, канцэрт «Brutto» ў Менску ўжо не спыніць. З чым Міхалок і віншуе сваіх прыхільнікаў.

Раней паведамлялася, што дакументы на выступ музыкаў у Палацы спорту пададзеныя на 27 траўня. Але гастрольнае пасведчанне дагэтуль не атрыманае.

Днямі Менгарвыканкам не дазволіў вялікі канцэрт «Каго любіш? Люблю Беларусь», які планаваўся на 25 сакавіка і ў якім мусілі браць удзел Лявон Вольскі і «Крамбамбуля», «Neuro Dubel», «Akute», «Dzieciuki», Vinsent, «Vuraj», «Крама» ды іншыя зоркі беларускага року. Афіцыйнай прычынай адмовы стала «ўцечка этыленгліколю», якая адбылася ў Палацы спорту яшчэ 21 лютага. Па чутках, менавіта этыленгліколь стане прычынай адмовы ў канцэрце і «Brutto».

МЯ, паводле euroradio.fm

Глядзі таксама
Каментары