Сяргей Лаўроў адмовіўся прасіць прабачэння за збіты «Боінг» пад Данецкам


«Прынесці прабачэнні за што?», – спытаў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў у адказ на адпаведную прапанову ад журналіста Бі-Бі-Сі.

Міністр заявіў, што Расея збіраецца дачакацца канчатковых вынікаў працы міжнароднай следчай камісіі, якая займаецца расследаваннем катастрофы.

«Ёсць 100 імёнаў, якія фігуруюць у расследаванні, але яны пакуль нават не праходзяць у якасці падазраваных», – дадаў Лаўроў.

Міжнародная следчая камісія 28 верасня прадставіла даклад, у якім гаворыцца, што малайзійскі «Боінг» быў збіты з зенітна ракетнага комплексу «Бук» з тэрыторыі, якая знаходзілася пад кантролем прарасейскіх сепаратыстаў.

Паводле камісіі, «Бук» прыехаў у Данбас з Расеі, а пасля крушэння «Боінга» вярнуўся на расейскую тэрыторыю.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў у інтэрвʼю Бі-Бі-Сі заявіў, што даклад камісіі нельга лічыць «канчатковай праўдай». На пытанні аб тым, ці прызнае Расея, што «Бук» прыбыў у Данецкую вобласць з яе тэрыторыі, Пяскоў не адказаў. Міністэрства абароны РФ сцвярджае, што расейскія «Букі» ніколі не перакрочвалі мяжу з Украінаю.

Нагадаем, што 17 ліпеня 2014 года пад Данецкам (Украіна) разбіўся самалёт «Boeing 777» кампаніі «Malaysia Airlines», які ляцеў з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур. У выніку трагедыі загінулі 298 асобаў.

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў