Сяргей Харэўскі: Вырасла новая генерацыя, для якой беларушчына – натуральны стан


Навошта беларусу нацыянальная ідэнтычнасць? Ці працягнецца «мяккая беларусізацыя»? Якім будзе год культуры ў Беларусі і чаму Лукашэнка не прызнае нацыянальныя сімвалы? Пра гэта журналіст belsat.eu гутарыць з культуролагам і мастацтвазнаўцам, выкладчыкам ЕГУ Сяргеем Харэўскім.

– Некаторыя актывісты кажуць, што Лукашэнка хутка прызнае і бел-чырвона-белы сцяг, і «Пагоню». Ці здзейсніцца гэта?

– Я гэтага ня бачу. Гэта як засмяглыя людзі ў пустэльні ўжо гатовыя бачыць міражы. Больш за 20 гадоў беларушчына вынішчалася. Большасць тых, хто трапіў у «чорныя спісы», або нават пабываў за кратамі – носьбіты беларускасці.

– Што Вы думаеце наконт «мяккай беларусізацыі», якую нібыта праводзіць улада?

– Без аніякіх плебісцытаў і рэферэндумаў было ліквідавана выкладанне па-беларуску гісторыі і геаграфіі. На расейшчыну перавялі ня толькі ўсё БТ, але і амаль усе дзяржаўныя СМІ аж да апошняй раёнкі. І тое, што мы сёння маем беларускага – гэта тое, што выжыла ва ўмовах несупынных рэпрэсіяў і афіцыёзнага рыгарызму. Таму я перакананы, што аніякае «беларусізацыі» за гэтай уладаю ня будзе ў прынцыпе.

Беларушчына, не зважаючы ні на што, мацуецца з году на год. Паверце, я ведаю пра што кажу. Калі параўнаць з апошнімі савецкімі гадамі, то ў нас, прынамсі ў сталіцы, сапраўдны росквіт!

Варта азнаёміцца з прадукцыяй незалежных выдавецтваў, пацікавіцца колькасцю беларускіх групаў у садках і класаў у школах, завітаць на заняткі «Мова Нанова» ці зазірнуць на святы ў касцёлы. Насуперак палітыцы ўсеўладнага цяперашняга чынавенства, што па вызначэнні не валодае нашай моваю, у сталіцы Беларусі вырасла ўжо другая генерацыя для якой беларушчына – натуральны цалкам стан. Менавіта за імі – будучыня нашае краіны.

– Раней вы казалі, нібыта гэтыя сімвалы нейкім чынам пагражаюць уладзе, таму Лукашэнка іх і не прызнае. У чым гэтая пагроза?

– Пагроза іміджу. А імідж – гэта для ўлады ўсё. Гэта прызнаць, што 20 гадоў цкавалі, ламалі, аплёўвалі, з «перегибами на местах», але гэта было амаральна і глыбока памылкова… Не туды вялі.

«Правілы нашае мовы фармуюцца тут, іншых моваў – там!»

Tarantino.by-Syarhey_Xareuski-5703

Сяргей Харэўскі. Фота budzma.org

– Апошнім часам вельмі шмат гавораць пра нацыянальную ідэнтычнасць. Ці важна гэта і што гэта такое ўвогуле?

– Гэта найбольш адпаведная форма комплексу ідэяў, што аб’ядноўваюць беларусаў тут, і ў цэлым свеце. Адпаведна, гэта – мова, гісторыя, найлепшыя і найбольш адметныя праявы традыцыйнай народнай і класічнай нацыянальнай культуры. Пры тым, у комплекс ідэяў беларушчыны ўваходзяць і талерантнасць і поліэтнічнасць, інклюзіўнасць жывой беларускасці.

Людзі, што з’яўляюцца носьбітамі беларускае ідэнтычнасці бяруць на сябе і цяжар адказнасці – за грамадзянскую супольнасць, помнікі даўніны, экалогію, і, найперш – за мову, што ёсць душою любое культуры.

Адпрэчваючы адну мову – становімся носьбітам іншай, а разам тым і чужой літаратурнай і культурнай традыцыі, на якія ўжо ня здольныя ніякім чынам уплываць. Правілы нашае мовы фармуюцца тут, іншых моваў – там! Таму аніякае ідэнтычнасці быць ня можа ў прынцыпе.

Мы жывем пад адным пахмурным небам, на канкрэтнай тэрыторыі, дзе бывае снег і няма акіяну – то і прыстасоўваемся да абставінаў месца і часу. Ідэнтычнасць фармуецца, нават міма нашае волі.

– Ці гэта дрэнна, калі чалавек не мае пачуцця прыналежнасці да якой-небудзь нацыі?

– Нацыя – гэта проста грамадзянства. Да беларускай нацыі можа належыць чалавек любое мовы ці расы, калі ён мае нашае грамадзянства. Бадай, Вы тут зноў вядзецца пра ідэнтычнасць. Ці ёсць людзі без нацыянальнае ідэнтычнасці? Не. Такіх людзей няма ў прыродзе, бо яны ж усё мысляць на нейкай адной, канкрэтнай мове, засвоіўшы разам з ёю і нейкую ідэнтычнасць. Так што нават не дэкларуючы адназначна сваёй прыналежнасці сам, ён усё ж яе мае, хоча ён таго ці не.

На постсавецкай, як колісь і на постбрытанскай, імперскай прасторы ёсць вялікія масы людзей, што яшчэ канчаткова не вызначыліся са сваймі прыхільнасцямі, праігнаравалі гістарычныя рэаліі ды не ўзялі сабе за клопат засвоіць культуру і вывучыць мову краіны пражывання. Але ў наступным пакаленні колькасць такіх людзей будзе змяншацца ў геаметрычнай прагрэсіі.

– Ці ёсць у гэтай ліберальнай тусоўцы русафобія?

– Я не ўваходжу ні ў якія «тусоўкі». Таму магу гаварыць толькі за сябе. «Фобія» – гэта страх. Я, як і сотні маіх сяброў, баюся цяперашняй палітыкі сучаснай РФ, бо вычуваю пагрозу для сваёй краіны і для сваіх блізкіх. Так, і я тут не самотны, лічу большасць сучасных праўладных расейскіх СМІ – пахабнымі, вульгарнымі і шавіністычнымі. Так, расейскі каланіялізм пакінуў нам цяжкую спадчыну. Але мне не прыходзіла ў галаву персаніфікаваць гэтыя праблемы, пераносячы іх на канкрэтных асобаў па нацыянальнай прыкмеце. Я заўсёды грэбаваў ксенафобамі і расістамі, і сярод маіх сяброў няма гэткіх людзей. Яшчэ ў мяне шмат рускіх сяброў, нямала і ў РФ.

Год культуры: ніякіх надзеяў?

– 2016 год абвесцілі годам культуры. Якім ён будзе для Беларусі?

– Ніякім. Ня трэба быць прарокам, каб адгадаць, што ў нас так і не з’явіцца хоць аднаго канала БТ па-беларуску. Што беларусы, дзякуючы шаноўнай уладзе, не дазнаюцца, што Ксенія Пагарэлая, арганістка з полацкага Сафійскага сабору, першая з нашых суайчыннікаў, дала канцэрт у парыжскім Нотр-Даме, а беларуска Надзея Кучар дэбютавала ў Берлінскай оперы ў галоўнай ролі ў «Травіяце».

Каб была магчымасць, то і не далі бы людзям ведаць, хто летась атрымаў Нобэлеўскую прэмію па літаратуры.

Улічваючы, што званне году культуры выдалі пасля таго, як шматкроць падкрэслілі, што ён будзе самы цяжкі за гісторыю, то спадзяванняў на тое, што раптам адновяцца помнікі архітэктуры ці зробяць, нарэшце, годны Нацыянальны музэй гісторыі – проста не выпадае. Роўна ж як няма спадзеву на тое, што ў чынавенства прадзяўбецца знянацку сумленне і яны вывучаць нашую мову, або створаць насамрэч нацыянальнае тэлебачанне, дзе, напрыклад, дзяўчынкі маглі бы ўбачыць балет.

Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў