Сяргей Чыслаў: вясна 2017-га яскрава паказвае, што краінай кіруе не Лукашэнка


Сяргей Чыслаў

Паводле заснавальніка і былога лідара «Белага легіёну» Сяргея Чыслава, арыштаваныя фігуранты «справы патрыётаў» падвяргаюцца ў СІЗА катаванням і ўздзеянню псіхатропаў.

У інтэрвю «Белсату» Сяргей Чыслаў (Бульба) распавёў, што яму вядома пра становішча арыштаваных, як ажыццяўляецца інфармацыйнае прыкрыццё справы «Белага легіёну», а таксама пра сваё бачанне сітуацыі ў Беларусі.

– Учора на прэс-канферэнцыі ў Кіеве вы заяўлялі, што ў адносінах да фігурантаў справы «Белага легіёну» ужываліся катаванні ды псіхатропныя сродкі. Гэта сапраўды так?

– Так. Фігурантаў справы, якія патрапілі ў «амерыканку», асабліва па першым часе, збівалі, ды давалі папіць «мінералачку», пасля якой людзі ўпадалі ў эйфарыю, гублялі розум і не памяталі што рабілі ў гэты час. Падумайце самі, чаму прайшло два месяцы, а жонак ані разу не дапусцілі на сустрэчу? Чаму існуюць цяжкасці з доступам адвакатаў? Вядома, што першыя тры допыты Міраслава Лазоўскага прайшлі без адваката, яго пусцілі толькі праз тры дні пасля арышту…

– Як пішуць СМІ, у Кіеве вы заявілі, што «некалькі чалавек былі выпушчаныя паводле стану здароўя, і пасля пабояў яны там ледзь не памерлі»…

– У Кіеве я сказаў, што некаторых выпусцілі раней пад падпіску, бо асцерагаліся, што тыя могуць па стане здароуʼя не вытрываць і памерці пасля пабояў і СІЗА – сапсаваць статыстыку.

– То бок вас не зусім дакладна працытавалі – вы не мелі на ўвазе, што тыя, каго зараз выпусцілі з СІЗА, ледзь не памерлі ад пабояў?

– Мяне неяк дзіўна працытавалі. Некаторых сапраўды выпусцілі пад падпіску, таму што яны ледзь не сканалі пасля збіцця ў СІЗА, але гэта было на пачатку. Цяпер такой інфармацыі няма. Ёсць уражанне, што ўлады самі наведаюць што з імі рабіць цяпер, бо нават таго, што яны маюць нагаворанага «пад мінералачкай» – для справы яўна бракуе.

– Але адкуль у вас сведчанне пра катаванні і «мінералку»? Гэта дакладная інфармацыя ці здагадка? Усе ж заява суреўная

– Як я магу адказаць на гэтае пытанне, калі ўсе пад падпіскай?..«Амерыканка» і яе адмысловы штат супрацоўнікаў для таго і існуе, каб зламіць чалавека. Ад часу калі трымалі палітычных у 2010-м анічога не змянілася. Як тады быў запушчаны сцэнар, распрацаваны кімсьці ў нетрах спецслужбаў, так і цяпер.

– Справа «Белага легіёна» суправаджалася вялікай прапагандысцкай кампаніяй. Ці будзе інфармацыйная вайна працягвацца і надалей ці, на вашую думку, дзяржаўныя СМІ пастараюцца забыць пра «Белы легіён»?

– Інфармацыйная вайна з унутранай прасторы перамясцілася на вонкі. Ад наўпроставага шматразовага паказвання зброі па БТ перайшлі на больш, так бы мовіць, тонкую работу. Зараз – час МЗС. Дэлегацыя МЗС навербавала «прыгожых, прэзентабельных» выхаванцаў дэмакратычных колаў, якім, відаць, усё адно ад каго атрымліваць грошы. Менавіта гэты «ліберальны» атрад, як бы не знарок, асабліва ў прыватных размовах з прадстаўнікамі замежных дыпламатычных колаў, расказваюць, што насамрэч «Белы легіён» – ультраправыя неанацысты. З’явіліся і ў маім коле сяброў «парламенцёры» якія заклікаюць ціхенька маўчаць, як бы забыцца на арыштаваных, а то, крый божа, прызнаюць палітзняволенымі ды ўвядуць санкцыі. І тут жа тлумачаць што Лукашэнку санкцыі пофіг, а вось народ беларускі ад санкцыяў будзе пакутаваць. Так што цяпер фактычна нашыя сябры – закладнікі чужых гульняў.

– А Захад сёння можа чым-небудзь дапамагчы беларусам?

– Еўропа сёння можа дапамагчы нам выключна адукацыяй – падзяліцца сваім досведам і падтрымкай новых грамадскіх праектаў (пры іхным з’яуленні). Менавіта новых. Проста санкцыі ці проста крэдыты ў абмен на палітзняволеных тут не дапамогуць. Для ўладаў – гэта ўжо даўно сродак выбіваць грошы.

Еўрапейскія дыпламаты часта задаюць рытарычнае пытанне: як Еўропе далей узаемадзейнічаць з беларускімі ўладамі? Маўляў, і пернік спрабавалі, і санкцыі. Маё разуменне – наш кавалак СССР рэфармаванню не падлягае. Улада і апазіцыя на сёння завіслі ў мінулым. Ідэалогія новай сістэмы, прычым якая будзе базавацца не на вузкім нацыяналізме, гэта першасная задача для беларускай інтэлігенцыі. Грамадзянін Лукашэнка – памрэ. Наш клопат мае быць не аб ім. Стварэнне новай сістэмы – вось чым нам цяпер варта заняцца. Дзяржаўная сістэма з дасканалай зваротнай сувяззю. Досвед Украіны вельмі красамоўна паказвае, што аніякая рэвалюцыя не вартая крыві пралітай за яе, калі яна не нясе новую сістэму.

– Існуе версія, што справа «Белага легіёна» была ініцыяваная ФСБ праз агентаў свайго ўплыву ў беларускіх спецслужбах. Ці бачыце вы тут «руку Масквы»?

– Логіка падказвае што гэта вельмі верагодна. Вясна 2017-га яскрава паказвае, што краінай кіруе не Лукашэнка. Тэзіс пра тое што калі не будзе Лукашэнкі, то будзе Расея таксама пара здымаць. Бо дзе ў нас зараз не Расея? Школа? Тэлебачанне? Грамадства? Дзе? Як толькі Лукашэнка ў канцы лютага загаварыў пра здаровы патрыятызм і неабходнасць перапісаць падручнікі па гісторыі пачынаючы ад Полацкага княства – як «ягоныя» сілавікі задалі яму і краіне іншую траекторыю.

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары