Сяргей Чалы: «Шанцаў, што пасля ўвядзення розніцы 5 % нешта запрацуе – няшмат»


З 23 снежня абменнікі купляюць у насельніцтва валюту па курсе на 5% ніжэй рэальнага курсу продажу. Праз гэта склалася беспрэцэдэнтная сітуацыя, калі ў абменніках курс куплі значна вышэйшы за курс продажу. Такі крок у Нацбанку тлумачаць барацьбой з чорным рынкам і спробай заахвоціць людзей здаваць валюту ў абменнікі, дзе зараз долары і еўра ў дэфіцыце.

Паводле эканаміста Сяргея Чалага, цяпер банкі не могуць набываць валюту для сваіх абменнікаў на біржы. Дакладней могуць, але будуць на гэтым страчваць. Таму схема новага курсаўтварэння ў абменных пунктах працуе толькі ў тым выпадку, калі абменнікі функцыянуюць у такім рэжыме, як яны працавалі ў 2011 годзе падчас крызісу, калі скупіць можна было толькі тое, што нехта прадаў.

«Цяпер фактычна курс наяўнай валюты для фізічных асобаў адрозніваецца на 30 % у большы бок ад афіцыйнага і розніца паміж купляй і продажам складае 5 %. Зразумела, што гэта лепш, чым калі розніца была 30 %, што азначала, што рынак увогуле неліквідны і тады б працаваў выключна чорны рынак».

Таксама на думку эксперта праблема ў тым, што 30 % да афіцыйнага курсу – заканадаўча ўсталяваная велічыня.

«Ні Нацбанк ніхто іншы гэты курс для фізічных асобаў змяняць на сваё меркаванне не можа. Калі апынецца, што курс чорнага рынку будзе вышэйшы, чым афіцыйны плюс 30 %, то канешне афіцыйны рынак працаваць не будзе і шанцаў на змены няшмат», – адзначае эксперт.

Пры гэтым Сяргей Чалы не лічыць, што гэты крок прывядзе да закрыцця абменнікаў.

«Пры ўмове, што будзе прадавацца толькі тая валюта, якая куплена ў насельніцтва і пры ўмове 5 % розніцы камерцыйныя банкі ніякіх стратаў не панясуць».

Некаторыя эксперты мяркуюць, што праз новаўвядзенні камерцыйная дзейнасць банкаў будзе скарачацца.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў