Сяргей Бязрукаў: «Кіно лепш здымаць у Менску»


Паводле расейскага актора, займацца прадукцыяй фільмаў у Менску больш зручна: «вельмі блізка ўсюды дабірацца».

Расейскі актор Сяргей Бязрукаў, ганаровы госць Міжнароднага кінафоруму «Менск-2017», заявіў у беларускай сталіцы, што вельмі любіць Менск, і дадаў, што займацца кінавытворчасцю для яго было б значна зручней у беларускай сталіцы, чым у расейскай.

«Тут вельмі блізка ўсюды дабірацца – не тое што ў Маскве, – цытуе Бязрукава «Інтэрфакс». – І здымаць кіно зручна: без праблем можна даехаць да месца здымак. У Маскве ж, каб з цэнтру, напрыклад, дабрацца да Падмаскоўя, дзе часта ідуць здымкі, трэба выдаткаваць процьму часу. Лягчэй пяць разоў прыляцець у Менск, шчыра кажучы. Так што лепш кіно здымаць у Менску, а не ў Маскве».

Бязрукаў прыгадаў, што адзіны фільм на ваенную тэму, у якім ён граў – «У чэрвені 41-га», – здымаўся як раз у Беларусі.

«Дагэтуль атрымліваю шмат водгукаў пра гэты фільм, які здымаўся пад Смалявічамі. Гэтай роляй я вельмі ганаруся. І з цяплом узгадваю беларусаў, якія заўсёды вельмі добра нас прымалі і вельмі добра частавалі, на забой проста, – сказаў Бязрукаў. – Вы адныя з нямногіх братоў, якія сапраўды нас любяць. Дзякуй вам за гэта».

На менскі кінафорум Бязрукаў прыехаў са стужкай «Пасля цябе».

ДД

Стужка навінаў