Сярэдзіч размаўляў з Лукашэнкам пра агульнанацыянальны дыялог і праблемы незалежных газет


Аляксандр Лукашэнка ды Іосіф Сярэдзіч

Галоўны рэдактар недзяржаўнай газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч распавёў пра сустрэчу з кіраўніком краіны, якая адбылася сёння.

Сустрэча цягнулася гадзіну і сорак хвілін. Гэта сведчыць пра поўны давер суразмоўцаў адзін да аднаго, кажа Іосіф Сярэдзіч і акрэслівае тэмы, закранутыя падчас размовы:

«Першае, вы ведаеце, што ўсе мы стаім перад самым галоўным іспытам – зможа нашая краіна ўтрымацца на плыву ў бліжэйшы час альбо будуць нейкія ўзрушэнні? Дык вось, як сысці ад гэтых узрушэнняў? Я ставіў пытанні, вядома, перад уладамі, перад кіраўніком краіны. Ён мне тлумачыў. У той жа час у мяне свой погляд быў, якім я падзяліўся адносна гэтага пытання».

Агульны месэдж, паведаміў Сярэдзіч, быў адзін – нельга давесці сітуацыю «да нейкага абсурду, да крытычнага выбуху».

«Ні вайна, ні нейкі крывавы, умоўна кажучы, майдан не вырашаць усіх гэтых пытанняў. Вырашыць гэтыя пытанні толькі само грамадства, сама Беларусь, калі, можа быць, сядзе за круглы стол. Пра гэта і вялі размову», – адзначыў Іосіф Сярэдзіч.

Галоўны рэдактар «Народнай волі» не выключае, што «мы набліжаемся дзесьці да агульнанацыянальнага дыялогу за круглым сталом»:

«Я выказаў у гэтым плане канкрэтна свае пазіцыі, свае погляды. І пачуў меркаванне кіраўніка краіны. Па крайняй меры, мая прапанова наконт агульнанацыянальнага круглага стала не была адкінутая».

Паводле Іосіфа Сярэдзіча, ёсць добра навіна і для рэгіянальных недзяржаўных газет:

«Я мушу парадаваць шмат якіх калегаў з недзяржаўных газет, што Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Можаш ісці сёння і заявіць, што гэтыя пытанні ўжо знятыя». Я маю на ўвазе, што шэраг рэгіянальных газет не маюць доступу альбо да кіёскаў, альбо да тыпаграфіі, альбо да падпісных каталогаў. Дык вось, ён даў гарантыю, што гэтыя пытанні больш не будуць гучаць».

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў сустрэцца з Іосіфам Сярэдзічам падчас «Вялікай размовы з кіраўніком краіны», якая адбывалася 3 лютага.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН, фотаздымак з афіцыйнага сайту Аляксандра Лукашэнкі

Стужка навінаў